Сіла ў салідарнасці: навукоўцы адстаялі калегу, якую збіраліся звольніць (фота)
У абед 31 жніўня супрацоўнікі Акадэміі навук правялі акцыю ў падтрымку калегі, якой пагражалі звальненнем за ўдзел у штодзённых ланцугах салідарнасці ля прэзідыума ўстановы. Пасля акцыі стала вядома, што дзяўчына застаецца працаваць.

Пасля “Баннага дня” ў Акадэміі навук 28 жніўня стала вядома, што адну з удзельніц, якая працуе ў Інстытуце генетыкі НАН, прымусілі напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні. Нагадаем, навукоўцы зладзілі тэматычную акцыю, якой спрабавалі паказаць, што ўлады забрудзілі сябе гвалтам і рэпрэсіямі.

31 жніўня даследчыкі прыйшлі да будынка Інстытута генетыкі падтрымаць калегу. Яны трымалі плакаты “Рэпрэсіі ў нас у генах?”, “Калі ў вас скарачэнне штату – будзем абедаць у вашай кавярні” (у фае інстытута месціцца буфет, які адмыслова перад акцыяй закрылі), “Рукі прэч ад генетыкаў!”, “Мы будзем прыходзіць штодня, пакуль рэпрэсіі не спыняцца” і “Навукоўцы супраць гвалту”.



Асобнай увагі заслугоўвае плакат “Лысенкаўская прычына звальнення – “марганіст”: у СССР пад уплывам біёлага Трафіма Лысенкі генетыка шэльмавалася як “ілжэнавука”, “вейсманізм-марганізм” (па прозвішчах нямецкага заолага Аўгуста Вейсмана і лаўрэата Нобелеўскай прэміі Томаса Моргана), а генетыкаў звальнялі з савецкіх навуковых устаноў з фармулёўкай “марганіст”. Такім чынам удзельнікі сённяшняй акцыі падкрэслілі сувязь цяперашніх рэпрэсій з практыкай звальнення нязгодных у СССР.

Плакаты навукоўцы пакінулі на накрытым белым абрусом прылаўку зачыненага буфета.

Неўзабаве пасля акцыі стала вядома, што заяву супрацоўніцы Інстытута генетыкі не падпісалі, яна застаецца на працы. Пра “прафілактычныя гутаркі”, падчас якіх гучаць пагрозы звальненнем і высяленнем з ведамаснага жытла, паведамляюць і супрацоўнікі іншых інстытутаў Акадэміі навук.

Фота аўтаркі


