МАК пазбавіў медалёў двух беларускіх алімпійцаў

Міжнародны алімпійскі камітэт 5 снежня абвясціў аб дыскваліфікацыі на падставе станоўчых допінг-пробаў, якія выявіліся ў выніку пераправеркі аналізаў праз восем гадоў, чатырох спартсменаў, якія заваявалі медалі на Алімпійскіх гульнях у Афінах у 2004 годзе. Сярод пакараных і два беларусы: Іван Ціхан, які стаў другім у кіданні молата, і Ірына Ятчанка, якая атрымала бронзу ў кіданні дыска.



3ibj3m_w465h262.jpg

Медалёў таксама пазбавіліся алімпійскі чэмпіён у штурханні ядра Юрый Беланог з Украіны і бронзавая медалістка ў штурханні ядра Святлана Крывелева з Расіі.


Ва ўсіх выпадках МАК загадаў Нацыянальным алімпійскім камітэтам вярнуць у самыя кароткія тэрміны медалі і дыпломы названых спартсменаў.


Згодна з заявай, у Юрыя Беланога і Святланы Крывелевай выяўлены аксандралон, у Івана Ціхана і Ірыны Ятчанкі — метандыенон.


У МАК адзначылі, што ўзятыя ў спартсменаў узоры захоўваюцца на працягу васьмі гадоў пасля кожнай Алімпіяды, каб іх можна было пераправерыць з дапамогай новых метадаў ці каб можна было выявіць новыя прэпараты, унесеныя ў забаронены спіс.


Як паведамляў “Тэлеграф, былы кіраўнік Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Беларусі Мікалай Кручынскі не лічыць змовай дадзенае выяўленне допінгу ў спартоўцаў з СНД. "Проста спартсмены ў іншых краінах менш сталі выкарыстоўваць забароненыя прэпараты, а трэнеры навучыліся лепш трэніраваць", — дадаў Мікалай Кручынскі.

telegraf.by