Максім Вінярскі: «Усе міліцыянты распытвалі ў мяне пра Майдан»
Пасля пятнаццаці сутак арышту выйшаў на свабоду Максім Вінярскі, актывіст «Еўрапейскай Беларусі», які ўвесь гэты час трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць прысуду.
![akrescina1.jpg akrescina1.jpg](/img/v1/news/full/akrescina1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ля акрэсцінскіх муроў. Максім разам з тымі, хто прыйшоў яго сустрэць пасля вызвалення
20 снежня суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня пакарала Максіма Вінярскага адміністратыўным арыштам на 15 сутак за пікет салідарнасці з Майданам, які ладзіўся ля амбасады Украіны ў
Мінску 30 лістапада.
Суд прызнаў актывіста вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку правядзення альбо арганізацыі масавага мерапрыемства).
Адміністрацыя Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) гэтай галадоўкі не прызнавала, прыдумаўшы хітрамудрую фармулёўку: «Ён проста адмаўляецца прымаць казённую ежу». Хаця ніякай іншай ежы там
няма — харчовыя перадачы даўно
забаронены. «Хіба што сукамерніка
з'есці», — змрочна жартуе заўважна
схуднелы Максім. Больш за тое, апошнімі днямі на яго імя нават дазволеныя передачы не прымалі — з вадой і газетамі.
Сядзеў ён у «двайніку» — двухмеснай камеры пяць крокаў у
даўжыню і два ў шырыню. Апошнім часам адміністрацыя ЦІП узяла за моду саджаць туды «палітычных». Мабыць, дзеля таго, каб і тут
абмежаваць іх магчымасць распаўсюду ўласных поглядаў.
Максім, у якога за плячыма ўжо нямала адміністрацыйных арыштаў, адзначае
пагаршэнне рэжыму. «Магчыма, гэта звязана з
аб'яднаннем у адным будынку двух установаў — Цэнтру
ізаляцыі правапарушальнікаў і Ізалятару часовага ўтрымання». У
прыватнасці, арыштаваны цяпер мусіць называць сваё імя і прозвішча падчас ранішняй праверкі.
Па яго словах, кожны новы нарад на праверцы пытаўся ў яго: «Ну, як яно там было, на Майдане? Крута ці не? І не толькі нарад, здаецца, нават суддзя
мне гэтае пытанне задаваў». Максім правёў на Майдане ў Кіеве амаль два тыдні перад арыштам. «Адкуль яны ведалі? Ды Хартыю чытаюць. Сур'ёзна, у мяне нават у пратаколе было пазначана, там міліцыянт пісаў нешта кшталту: «Чытаючы сайт Хартыі'97, я заўважыў..».Вычыталі там
слова «еўраінтэграцыя», асабліва на яго і напіралі. У мяне такое ўражанне склалася, як быццам за яе мяне і пасадзілі».