«Маму ўдарылі ў твар — здаецца, яна адразу страціла прытомнасць». У Гомелі схапілі 66-гадовую выкладчыцу
«Свабодзе» стала вядома аб затрыманні ў Гомелі выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Валерыі Дзяцук. Яна — кандыдат хімічных навук, выкладае экалогію.
Выглядае, што 66-гадовую жанчыну затрымалі за каментар у тэлеграме, але дакладна сваякам ніхто нічога не тлумачыў.
«Ранкам 7 сакавіка ў кватэру пазванілі. Дзверы адчыніў тата
— і ў хату ўварваліся пяць чалавек. Закрычалі: "Усім ляжаць, працуе
АМАП!" Маці, тату і мяне збілі з ног, паклалі тварам у падлогу. Нічога
не тлумачылі абсалютна, сказалі толькі: "Мы яе забіраем". Маму
ўдарылі ў твар — мне падалося, яна адразу страціла прытомнасць. Яна была яшчэ
ў начной бялізне, ёй нават не давалі адзецца — маўляў, толькі пры нас, а то
нож схавае пад адзенне. Калі выводзілі, яна плакала», — распавёў Сяргей, сын
затрыманай.
Паводле Сяргея, у маці адразу забралі смартфон і нешта на ім
сфатаграфавалі. «Пазней я даведаўся, што яны сфатаграфавалі каментар маці, які
яна пакінула пад нейкім відэа на нейкім тэлеграм-канале. Што ёй інкрымінуюць —
дагэтуль невядома», — кажа жыхар Гомеля.
Сяргей гаворыць, што яго амапаўцы аднеслі ў іншы пакой, дзе
з ім размаўляў невядомы, які прадставіўся начальнікам аддзела. «Ён сказаў, што
асабіста за нас узяўся і мы ўсе будзем сядзець. За што — не зразумела... У
ІЧУ, дзе яна цяпер знаходзіцца, ад мяне ўзялі толькі цёплую вопратку — прадукты
адмовіліся браць», — дадаў Сяргей.
9 сакавіка Валерыю павінны судзіць, аднак па-ранейшаму
невядома, за што і а якой гадзіне. Таксама Сяргей гаворыць, як чуў, што ў
дачыненні да маці могуць пачаць крымінальную справу паводле арт. 130 КК («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай
варожасці») і перавесці ў СІЗА.
Раней Валерыю Дзяцук не затрымлівалі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі
БелаПАН.