Марголін: Тыя з сілавікоў, хто не звольніцца пасля забойства Бандарэнкі, устануць у адзін шэраг з забойцамі

Тое, што адбываецца цяпер у краіне можна параўнаць толькі з гадамі фашысцкай акупацыі 1942-1944 гадоў, заявіў "Беларускаму партызану" сябра палітрады АГП Леў Марголін.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


— Як думаеце, якой будзе рэакцыя кіраўніцтва краіны і Лукашэнкі на забойства Рамана Бандарэнкі?
— Яе можна прадбачыць па рэакцыі МУС і Следчага камітэта. Не думаю, што рэакцыя больш высокапастаўленых кіраўнікоў будзе істотна адрознівацца. Тым больш, што яны інтэрнэтам не карыстаюцца, а карыстаюцца дакладамі падначаленых.
А які даклад яны атрымаюць ад МУС прадказальна: нібыта адны "неабыякавыя грамадзяне" пабіліся з іншымі "неабыякавымі грамадзянамі". Што скажа СК, таксама зразумела: Бандарэнка быў у "нецвярозым стане". Хоць у лякарні хуткай медыцынскай дапамогі гэта катэгарычна абвяргаюць.
Разгляд будзе, але ён будзе фармальным і скончыцца нічым. Следчы камітэт скажа, што гэта проста няшчасны выпадак.
— Як гэта забойства паўплывае на пратэст?
— Думаю, гэта забойства зробіць пратэсты яшчэ больш масавымі. Яно падвысіць градус супраціву, павысіць масавасць нядзельных маршаў і актыўнасці ў дварах па буднях. Кожны разумее, што калі раней з боку ўлады і сілавікоў было сваволле, то цяпер гэта абсалютнае беззаконне. Калі шукаць аналогію ў гісторыі Беларусі, то, напэўна, тое, што адбываецца цяпер, можна параўнаць з гадамі фашысцкай акупацыі 1942-1944 гадоў. Можна чакаць з'яўлення новых хатыняў: ужо ўрываюцца ў дамы і кватэры без законных падстаў. Прыходзяць у рэдакцыю «Народнай Волі» і нават не канфіскуюць (для канфіскацыі трэба рашэнне суда), а фактычна крадуць наклад газеты.
Гэта прыкметы дзеянняў акупацыйных уладаў. Наша ўлада канчаткова становіцца акупацыйнай. З іншага боку, такія дзеянні могуць прывесці да выбухаў лютасці. Можна чакаць чаго заўгодна. Я толькі не хацеў бы, каб з боку пратэстуючых пачаліся гвалтоўныя дзеянні. Баюся, яны толькі прывядуць да новых ахвяраў.
Ёсць іншыя метады. Мне здаецца, эфектыўным крокам стане прыпыненне працы супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў у знак пратэсту супраць гэтага бязмежжа.
Гаворка ж не ідзе пра тое, што яны павінны спыніцца на месяц, на два, што ім не будзе чаго есці, дзяцей карміць. Дастаткова агульнанацыянальнай забастоўкі на 1-2-3 дні — і ўлада адчуе гэта значна мацней, чым маршы пратэсту.
— Мы бачым жорсткасць і забойствы з боку спецпадраздзяленняў сілавых структур. Як думаеце, якой будзе рэакцыя на забойства Бандарэнкі з боку шараговых супрацоўнікаў міліцыі?
— У тых, у каго яшчэ засталіся прыкметы сумлення, свядомасці, гэта забойства, напэўна, павінна перасіліць страх і іншыя пачуцці. Напэўна, яны знойдуць у сабе сілы пакінуць службу.
Ну а тыя, хто застануцца, фактычна паставяць сябе на адну дошку з забойцамі. Потым ужо будзе вельмі складана разабрацца: ці ты забіваў, ці ты стаяў побач і безуважна глядзеў, як пры табе забівалі.