Mark Formelle незаконна выкарыстаў на футболках цытаты з песень «Кино»?
«Дальше действовать будем мы», «Звезда по имени Солнце», «Мне приснилось — миром правит мечта» — гэтыя цытаты з песень гурта «Кино» ўпрыгожваюць футболкі і світшоты з новай калекцыі беларускай кампаніі Mark Formelle. Футболкі з выявай самога Віктара Цоя і прынтамі, натхнёнымі вокладкамі альбомаў «Кіно», з'явіліся ў крамах MF на пачатку 2019 года, піша «Еўрарадыё».

Фота: Еўрарадыё
PR-менеджар Дзмітрый Безкаравайны зацікавіўся, ці няма тут парушэння аўтарскіх правоў.
«У цэлым, я нармальна стаўлюся да Mark Formelle, але ў мяне пытанне: ці было ўзгодненае выкарыстанне лагатыпа, цытат з песень, вобраза Віктара Цоя і графікі з вокладак кружэлак з праваўладальнікамі?» — піша ён на сваёй старонцы ў Facebook.
Ці павінны Mark Formelle атрымліваць дазвол на выкарыстанне спадчыны гурта «Кино», і калі так, то ці зрабіла гэта беларуская кампанія? Не можа ж быць, каб вядомы брэнд паспадзяваўся, што расійскія праваўладальнікі не заўважаць яго новую калекцыю!

Фота: markformelle.by
Бацька Віктара Цоя не супраць футболак з фота музыканта, але — па дамове
За дзевяць гадоў актыўнай кар'еры Віктар Цой і музыкі гурта «Кино» выпусцілі дзевяць студыйных альбомаў і запісалі больш за сто песень. Правы на іх, а таксама на малюнкі музыканта належаць яго нашчадкам: бацьку Роберту Цою і сыну Аляксандру Цою.
Роберт Максімавіч распавядае Еўрарадыё, што Mark Formelle не звярталася да яго па дазвол друкаваць партрэт сына на футболках. Аднак, калі б усё было зроблена па законе, ён быў бы не супраць такой прадукцыі: «Калі б мы заключылі дагавор, дамовіліся аб узнагародзе, то цалкам магчыма. Чаму не? Ёсць афіцыйныя прадстаўнікі, а некаторыя выдавецтвы заключалі дагаворы непасрэдна са мной. І друкаваныя, і тыя, хто збіраўся выпускаць памятную манету».
У «Першым музычным выдавецтве», якое цяпер прадстаўляе інтарэсы Роберта і Аляксандра Цоеў, Еўрарадыё распавялі, што вялі перамовы з Mark Formelle. Аднак беларускі брэнд не давёў здзелку да канца, і перастаў выходзіць на сувязь.
«Так, гэтыя людзі [Mark Formelle. — Еўрарадыё] звярталіся да нас паўгода таму, але ліцэнзію так і не заключылі, — расказвае Еўрарадыё юрыст Юлія Дабрэнка. — Даслалі эскізы, яны іх цяпер перапрацавалі, як я бачу [на сайце Mark Formelle. — Еўрарадыё]. Усё без ліцэнзіі! У бліжэйшыя дні мы накіруем прэтэнзію».

Фота: markformelle.by
Аўтарскае права абараняе нават асобныя радкі з песень
Юлія Дабрэнка заўважыла, што дызайнеры Mark Formelle перапрацавалі эскізы, з якімі звярталіся да «Першага музычнага выдавецтва». Ці павінна беларуская кампанія ўзгадняць з праваўладальнікамі тое, што атрымалася? Бо гаворка, фактычна, ідзе пра новыя творы.У Расійскім аўтарскім таварыстве Еўрарадыё расказалі, што пад закон аб аўтарскім праве трапляе нават банальнае цытаванне песні, якой бы выявай яно ні суправаджалася:
«Частка твора ахоўваецца так жа, як і ўвесь твор, калі яна нясе ў сабе нейкі творчы складнік. Твор ахоўваецца ў адпаведнасці з дзеючым грамадзянскiм заканадаўствам. Калі яны [Mark Formelle. — Еўрарадыё] вырвалі радок з песні, якая ахоўваецца законам аб аўтарскім праве, то гэта, безумоўна, парушэнне. Тым больш, калі гэта выкарыстоўваецца ў камерцыйных мэтах».
Па словах юрыста РАТ, калі кампанія выкарыстоўвала на сваёй прадукцыі выяву партрэта Віктара Цоя, то павінна была ўзгадніць гэта з нашчадкамі музыканта.
Піяр чорным не бывае?
У мінулым кампанію Mark Formelle двойчы спрабавалі злавіць на плагіяце. Падабенства паміж прынтамі на прадукцыі MF і сваімі малюнкамі заўважыла мінская мастачка Анастасія Машрумава.

Знайдзіце дзесяць адрозненняў:

Праз некалькі месяцаў брэнд зноў апынуўся ў цэнтры скандалу. На гэты раз было знойдзенае падабенства з прадукцыяй кампаніі H&M.

Злева — H&M
У каментарыі citydog.by прадстаўнікі Mark Formеlle адказалі, што гэта не плагіят, а ідэя, якая адначасова нарадзілася ў дызайнераў абедзвюх кампаній.
Каб праясніць сітуацыю з выявамі Віктара Цоя і цытатамі з песень «Кино» на футболках Mark Formelle, Еўрарадыё звярнулася ў кампанію з запытам. У аддзеле маркетынгу абяцалі, што каментарый будзе бліжэй да канца тыдня.
«Еўрарадыё»