Марына Адамовіч: Пра суд над Статкевічам інфармацыі амаль няма

«Цяперашняе ноу-хау нашых так званых судовых уладаў — падпіскі пра не разгалошванне па любой справе. Прымушаюць адвакатаў маўчаць іншы раз нават да абсурду...» — распавяла Марына Адамовіч.

11ma1.jpg

З нагоды 65-годдзя Мікалая Статкевіча ў эфіры «Радыё Рацыя» пабывала Марына Адамовіч.

— Які ў вас настрой?

— Такі ж мабыць, як усе апошнія дні і ўжо складаецца ў гады. Сум, спадзяванні, надзеі на лепшае, што гэта сітуацыя ўсё ж такі хутка вырашыцца.

— Якія ёсць навіны адносна судовых працэсаў у Гомелі?

— Я еду ў Гомель са спадзяваннем перадаць Мікалаю ў дзень нараджэння перадачку. Пра суды, на вялікі жаль, абсалютна ніякай інфармацыі няма. Вы ведаеце, што цяперашняе ноу-хау нашых так званых судовых уладаў — падпіскі пра не разгалошванне па любой справе. Ці то яна тычыцца звычайнага хуліганства, ці то ўжо звыклага 293 або 342 артыкулу. Прымушаюць адвакатаў маўчаць іншы раз нават да абсурду. Нават тое, што мае нейкія пабочныя адносіны да справы, мы не ведаем нічога. Вось толі тое, што прасачылася, я даведалася з інтэрнэту, суд распісаны да канца жніўня.

— Ад адвакатаў увогуле ніякай інфармацыі?

— Ад адвакатаў увогуле ніякай інфармацыі, ад Мікалая таксама няма таму, што ён у гэтым судзе не ўдзельнічае. Праўда апошнім часам зноў зніклі лісты, бо я думаю нешта пісаў. Як толькі з’яўляюцца навіны, то адразу лісты знікаюць.

— Выглядае, што гэта такое пакаранне, калі не маеш інфармацыі з волі?

— Я думаю, што Мікалай знаходзіць інфармацыю з волі. Ён умее чытаць у тым ліку і афіцыёзную інфармацыю. Абсалютна дакладна прачытвае тое, што хочуць загаварыць, схаваць, даць сваю інтэрпрэтацыю падзей. Я іншы раз нават здзіўляюся таму, наколькі дакладна ён разумее тое, што адбываецца.

Што тычыцца перадач, то тут нічога незвычайнага, усё як заўсёды па правілах утрымання людзей пад вартай.

Пакуль чалавек не асуджаны, то яму можна перадаць да 30-ці кілаграмаў прадуктаў у месяц, альбо паслаць неабмежаваную колькасць пасылак і бандэроляў. На вялікі жаль, не паўсюдна ўжо і гэта норма выконваецца, якая прапісана ў законе.