Cхуднеў, абвастрылася падагра, шмат чытае, допытаў няма. Аляксандар Фядута пад вартай ужо 4 месяцы
Жонка палітвязня расказала пра яго стан здароўя і дазвол на набыццё новых кніг.
![4eec3847_0d40_4678_9929_fb9965b56dc3_w1023_r1_s.webp 4eec3847_0d40_4678_9929_fb9965b56dc3_w1023_r1_s.webp](/img/v1/images/4eec3847_0d40_4678_9929_fb9965b56dc3_w1023_r1_s.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Жонка палітычнага вязня Аляксандра Фядуты Марына Шыбко
расказала апошнія навіны ад мужа. Вядомы паліттэхнолаг і філоляг ужо 4 месяцы
знаходзіцца ў турме, так званай «амерыканцы» ў цэнтры Мінска, па абвінавачанні
ў «змове» супраць дзяржаўнага ладу.
Утрыманне Фядуты пад вартай падоўжылі да 12 кастрычніка,
але ён з турмы піша, што збіраецца сустрэць там і дзень нараджэньня, і Новы
год.
Жонка перадала Фядуту ў камеру тэлевізар.
«Следчыя дзеянні тры месяцы не праводзіліся, напэўна, не
прыдумалі далейшы сцэнар «кіна». Памяняліся сукамернікі, пра што журыўся,
дзецюкі былі прыстойныя і «рукастыя», што нават штаны яму ўшылі, якія «выходныя», бо схуднеў. Спякоту перанёс ніштавата, вырвалі зуб вельмі ўдала,
але аднавілася падагра, кульгае, а кіёчак нельга ўзяць».
Марына Шыбко адзначае, што Аляксандар вельмі рады, што
аднавіліся закупкі кніг, ён набыў «Московскую сагу» Аксёнава, «Сандро из
Чегема» Іскандэра, тры часткі «Чонкина» і «Путешествие дилетантов» Акуджавы.
Таксама жонка адзначае, што Фядута «падсадзіў» сукамернікаў
на прозу Сяргея Даўлатава, абмеркаванне якой перарасло ў сапраўдную чытацкую
канферэнцыю.
«Піша, што не ўкладаецца ў галаве закрыццё НДА. Перадае прывітанні ўсім сябрам, якія памятаюць і пішуць, нават калі не даходзяць лісты».
Паводле «Свабоды».