Масавыя ператрусы ў чальцоў незалежных прафсаюзаў
Сёння, 19 красавіка, цягам усяго дня праходзіць у літаральным сэнсе хапун прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі.

У Мінску раніцай адбыўся
ператрус у Свабодным прафсаюзе металістаў (СПМ).
Адбыліся ператрусы і ў дамах чальцоў незалежных прафсаюзаў. Так, прайшлі ператрусы дома ў Аляксандра Ярашука — старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), а таксама ў яго намесніка Сяргея Антусевіча. Дзе цяпер Ярашук і Антусевіч, не вядома. На тэлефанаванні яны не адказваюць
Сёння быў ператрус і ў кватэры супрацоўніцы офіса БКДП, пасля чаго яе павезлі на допыт.
Ператрусы былі і ў старшыні Свабоднага прафсаюзу беларускага (СПБ) Мікалая Шараха ў Полацку. Спачатку сілавікі прыйшлі да яго дадому, а затым — адправіліся ў кватэру да яго дачкі прафсаюзнага лідара.
Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) аб‘ядноўвае Беларускі незалежны прафсаюз (БНП), Свабодны прафсаюз беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ) і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).