Маскоўскі суд пакінуў у сіле рашэнне аб экстрадыцыі беларуса Вадзіма Дубойскага
Маскоўскі суд (першы апеляцыйны суд агульнай юрысдыкцыі) пакінуў у сіле рашэнне аб экстрадыцыі беларуса Вадзіма Дубойскага, паведамляе «Медыязона». Аднак напярэдадні Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Расіі выдаваць яго ў Беларусь. Справа мусіць быць разгледжана ў Страсбургу.
31-гадовы Вадзім Дубойскі з Брэста. У жніўні 2020-га яго затрымалі
і збілі сілавікі, пратакол не складалі. На волі мужчына зняў пабоі. Пасля
гэтага на яго распачалі крымінальную справу аб удзеле ў «масавых
беспарадках», яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі. Год таму Вадзім
Дубойскі з'ехаў у Расію. Але праз паўгода яго там затрымалі па запыце з
Беларусі. Беларус няўдала спрабаваў перабрацца ва Украіну. Рашэнне аб
экстрадыцыі ў пачатку верасня 2021 года прыняў Белгарадскі раённы суд.
Калі б не адвакат, Дубойскі ўжо быў бы ў беларускай турме. У
верасні расіяне пачалі заўчасную яго экстрадыцыю — перавялі з Белгарада ў
Курск. Адвакат яго знайшоў і
дамогся вяртання.
Паводле «Еўрарадыё».