Медыкі працягваюць з'язджаць. Карлаў універсітэт прыняў 8 студэнтаў з Беларусі, сярод іх — выдатнікі вучобы
Група прыбыла ў Чэхію пару тыдняў таму, пераважна гэта студэнты апошніх курсаў з выдатнымі залікоўкамі. Пасля каранціна яны праходзяць моўныя курсы, каб вучыцца па-чэшску, распавядае «Наша Ніва».
Пасялілі іх у інтэрнаце, абяцаюць плаціць стыпендыю з
кастрычніка, калі пачнецца вучоба.
Эмігранты пераважна баяцца ці не хочуць каментаваць сітуацыю
адкрыта.
«Хтосьці тут, бо на радзіме з'яўляецца падазраваным па
крымінальнай справе, камусьці пагражалі асаблівым "шанцаваннем" на
размеркаванні і гэтак далей. Наконт поўнага супадзення спецыяльнасцей яшчэ
невядома, нас залічаць на лекарскі факультэт, да канца жніўня мы будзем вучыць
мову», — сказаў нам студэнт 5 курса Аляксандр, які дагэтуль бачыў сваю будучыню
ў беларускай навуцы. Сярэдні бал яго беларускай залікоўкі — «вышэй за 8».
«Пасля затрыманняў і крымінальных спраў ва ўніверсітэце
склалася цяжкая атмасфера, у мяне не было пачуцця абароненасці, не стала
ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, — кажа іншая студэнтка, трэцякурсніца Сафія. — У
Беларусі мне вельмі падабаліся і прадметы, і выкладчыкі, але многае змянілася
за мінулы год. Сваю будучыню я бачыла як звычайны малады доктар: размеркаванне
і праца ў клініцы. Спадзяюся, што ў любым разе мы ўсе станем спецыялістамі і
рэалізуемся, а калі ў краіне будуць змены да лепшага, то я вярнуся».
Натуральна, гэтая гісторыя вядомая і абмяркоўваецца ва ўніверсітэцкіх
колах.
Адзін з выкладчыкаў, які выкладаў у гэтых студэнтаў, апісаў
іх словам «цудоўныя» і выказаў шкадаванне, што выдатнікі з'язджаюць.