Мікола Дзядок на Акрэсціна. Супраць яго распачата крымінальная справа
Стала вядома, што Мікола Дзядок, жорстка затрыманы ўчора, знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Супраць яго распачатая крымінальная справа па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў). Справу вядзе УСК па Мінску.

Бацька Міколы распавёў НЧ, што сёння Міколу наведала адвакатка. Яна пацвердзіла, што хлопец моцна збіты, таму яна хадайнічала аб правядзенні медагляду і экспертызы. Таксама адвакатка змагла перадаць вязню лекі, неабходныя яму ў сувязі з некаторымі праблемамі са здароўем.

Паводле адвакаткі, сёння Міколу дапыталі і, верагодна, будзе яшчэ адзін допыт. Хутчэй за ўсё, сёння ж будзе абрана мера стрымання. А ў панядзелак, 16 лістапада, Міколу Дзядка перавядуць у СІЗА на Валадарскага.
Нагадаем, анархіст, блогер, палітычны аналітык і былы журналіст НЧ Мікола Дзядок быў затрыманы на канспіратыўнай кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна.
Падчас затрымання Міколу моцна збілі і апрацавалі, верагодна, пярцовым газам. Пасля чаго МУС запісала ролік, у якім гледачоў спрабуюць пераканаць у раскаянні актывіста. Але на справе відэа мела адваротны эфект.
Акрамя таго, тэлеграм-канал «Мікола» (каля 15 тысяч падпісантаў) перайшоў пад кантроль сілавікоў. Але сябры Дзядка, адміністратары тэлеграм-каналаў, вырашылі падтрымаць справу Міколы і ў знак салідарнасці стварылі канал MDziadok. Пасля вызвалення Міколы яму будзе перададзена кіраўніцтва каналам.
Артыкулы Міколы Дзядка ў "Новым Часе"