Міколу Дзядка пакаралі буйным штрафам за чарговы «экстрэмісцкі» пост
Чарговы штраф за пост у сацыяльных сетках паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП атрымаў актывіст, журналіст «Новага Часу» Мікола Дзядок. Суд Фрунзенскага раёна г. Мінска ў гэты раз асудзіў яго завочна. Пра гэта піша Вясна.

10 чэрвеня суддзя М. Ярохіна, заслухаўшы паказанні сведкі-міліцыянта А. Куранкова і вывучыўшы пісьмовыя матэрыялы справы, прызнала яго вінаватым у публічным дэманстраванні і распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў і пакарала штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1275 рублёў ці 624 даляры).
Згодна з пастановай суда, Мікола размясціў у сацсетцы “Укантакце” запіс з чатырма экстрэмісцкімі літарамі. Пра які менавіта пост ідзе гаворка ў пастанове суда не пазначаецца, роўна як і невядома пра дату яго размяшчэння. У пастанове толькі пазначана:
"Доступ да прагляду дадзеных матэрыялаў да цяперашняга моманту не абмежаваны, чым ажыццявіў публічнае дэманстраванне і распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Дадзены факт быў выяўлены 17 красавіка 2019 года".
Сам актывіст на судзе прысутнічаць не змог, даведаўся пра штраф з пастановы суда Фрунзенскага раёна г. Мінска. Мікола плануе абскардзіць пастанову суда.