Хапун у офісе Беларускай партыі зялёных (абноўлена)

24 сакавіка прыкладна ў 18:00 міліцыянты прыйшлі ў офіс Беларускай партыі зялёных на вуліцы Фабрыцыуса ў Мінску. Тут збіралі рэчы для затрыманых.

atrymanyja.jpg

У той момант там праходзіў збор сродкаў для актывістаў, якіх затрымалі цягам трох апошніх дзён. Людзі ў форме заблакавалі ўваход у памяшканне, а пасля, дачакаўшыся транспарту, адвезлі прысутных у РУУС Маскоўскага раёна.

Пры гэтым міліцыянты казалі затрыманым, што яны не затрыманыя, а ў аддзяленне іх вязуць "для высвятлення абставінаў".

Сярод тых, хто апынуўся ў "сінім бусе", Хрысціна Чарняўская з таварыства "Зялёная сетка", гісторык Уладзімір Валодзін, культуролаг Максім Жбанкоў, журналісты Алесь Залеўскі з тэлеканала "Белсат" і Галіна Абакунчык з радыё "Свабода". Па звестках Крысціны Бярдынскіх з украінскага выдання "Новое время", якую даставілі ў Маскоўскі РУУС у тым жа мікрааўтобусе, усяго затрымана 13 чалавек. Пра гэта паведамляе euroradio.fm.

Спіс затрыманых паводле spring96.org:

Галіна Абакунчык

Алесь Залеўскі

Хрысціна Бердынскіх

Хрысціна Чарняўская

Уладзімір Валодзін

Гюлівер Краг

Максім Жбанкоў

Ганна Сівакова

Надзея Немік.