Мінабароны аб размяшчэнні расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі: Мы не каменціруем чуткі
Міністэрства абароны не каменціруе чуткі, заявілі БелаПАН у прэс-службе абароннага ведамства адносна інфармацыі аб магчымым размяшчэнні на тэрыторыі краіны расійскай авіяцыйнай базы.
Нагадаем, 12 снежня на партале http://www.belvpo.com (Ваенна-палітычны агляд) з'явілася інфармацыя, што Расія можа стварыць на тэрыторыі Беларусі
авіяцыйную базу.
"Паводле асобных звестак, што прасачыліся з ваеннага міністэрства, можна меркаваць, што не выключаецца размяшчэнне на тэрыторыі рэспублікі расійскай авіяцыйнай базы ў адказ на рэзкую
актыўнасць падрыхтоўкі войскаў НАТО ў Літве і Латвіі. Пры гэтым мусіруецца, што для стабілізацыі грамадскай думкі і, банальна, для забеспячэння занятасці насельніцтва магчымая служба
на ёй у якасці кантрактнікаў беларускіх грамадзян", — гаворыцца ў паведамленні.
Выснову аб магчымасці такога кроку інтэрнэт-рэсурс робіць, ацэньваючы вынікі пасяджэння Савета міністраў абароны краін СНД, якое прайшло 11 снежня ў Маскве.
"Што да Беларусі, то, паводле слоў міністра абароны Юрыя Жадобіна, Расія і Беларусь далей за іншыя краіны Садружнасці прасунуліся ў пытаннях супрацоўніцтва ў сферы сумеснай
супрацьпаветранай абароны. Па ўсім відаць, што за гэтай фразай, улічваючы высокі ўзровень узаемадзеяння паміж узброенымі сіламі і наяўнасць рэгіянальнай групоўкі, сапраўды могуць мець
месца значныя крокі", — выказвае меркаванне аўтар публікацыі на http://www.belvpo.com.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН