Мінчанка два месяцы дамагаецца беларускамоўнай групы ў садку для сваіх дзяцей
Для дзяцей архітэктаркі і дызайнеркі Аляксандры Баярынай не знайшлося ніводнай беларускамоўнай групы ў садку на ўвесь Ленінскі раён Мінска.
Пра гэта жанчына распавяла ў размове з Еўрарадыё.
Аляксандра Баярына: “Хацелася аддаць дзяцей бліжэй да дому, у сваім раёне. Я звярнулася ў адміністрацыю свайго раёна пісьмова, каб проста даведацца ці ёсць групы ў маім раёне. Мне адказалі, што няма. Атрымліваецца, што на ўвесь раён няма груп ні ў садку ні ў яслях, дзе б дзеці навучаліся па-беларуску”.
Цяпер Аляксандра сама займаецца дома з дзецьмі: яе дачцэ Яні 2,5 года, сыну Карусю — тры месяцы. Аляксандра двойчы звярталася ў адміністрацыю раёна, але атрымлівала адпіскі. Цяпер чыноўнікі спынілі з ёй перапіску.
euroradio.fm