Мінчук распавёў, як «даседжваў суткі» за Марш у кастрычніку
«Расстраляў бы ўсіх бэчэбэшнікаў».
У кастрычніку Сяргея (імя зменена ў мэтах бяспекі) затрымалі на адной з мірных акцый пратэсту і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Ва ўпраўленні, па яго словах, над затрыманымі здзекаваліся: рабілі «ластаўку» і трымалі іх так на працягу трох гадзін на падлозе. Потым затрыманых адвезлі на Акрэсціна, дзе на наступны дзень над імі прайшоў суд . Суддзя Цэнтральнага раёна арыштаваў мужчыну на 15 сутак па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Але пасля суда Сяргею стала дрэнна, таму з Акрэсціна яго забралі на хуткай з-за сардэчнай арытміі, а ў ізалятар з бальніцы ўжо не вярнуўся. У выніку, у мінчука засталіся неадседжаных 14 сутак, якія яму трэба было адседзець на працягу года.
30 чэрвеня Сяргею патэлефанавалі з Цэнтральнага РУУСа і прапанавалі прыехаць на «прафілактычную гутарку наконт БЧБ і распісацца». Сяргей дамовіўся з міліцыянтамі, што прыедзе ў РУУС 1 ліпеня адразу пасля працы. На наступны дзень супрацоўнік РУУСа, які прапанаваў гутарку, нагадаў Сяргею, што той не адбыў увесь тэрмін свайго арышту, таму яго зараз затрымліваюць зноў. З РУУСа праз пару хвілін мінчука ўжо выводзілі ў кайданках, «ластаўкай» і «тварам уніз». Па дарозе на Акрэсціна канваір сказаў Сяргею, што «расстраляў бы ўсіх бэчэбэшнікаў»
У ІЧУ пасля дагляду Сяргея накіравалі ў чатырохмесную камеру, у якой былі адразу 21 чалавек. Ні матрацаў, ні бялізны, а спалі ўсе «штабелямі на падлозе». На прагулкі «палітычных» не выводзяць. У душ нават падчас такой спякоты нікога не пускаюць. «Шмон» супрацоўнікі Акрэсціна праводзяць пяць разоў на дзень: тройчы за дзень і двойчы ноччу. За 14 сутак Сяргей паспеў пабываць у трох камерах, у кожнай з каторых таксама было каля 20 чалавек. Акрамя гэтага, у камеры да палітычных працягваюць саджаць бяздомных людзей.
Мужчына мяркуе, што перахварэў за кратамі на COVID-19, бо некалькі дзён была высокая тэмпература, кашаль і знікаў пах на некаторы час. У камерах кожную раніцу арыштантам выдавалі градуснік і таблеткі ад кашлю.
Перадачы «палітычным» не перадаюць наогул. Сяргей кажа, што на выхадзе яму аддалі перадачу, але ў ёй не хапала і паловы таго, што перадавала жонка. Лісты, вядома, таксама не даходзяць да затрыманых.