Мінгарсуд адмяніў прысуд Вячаславу Сіўчыку за мітынг супраць расійскай авіябазы (відэа)

Але накіраваў справу на паўторны разгляд у Цэнтральны райсуд, які 9 кастрычніка аштрафаваў Сіўчыка на 10 мільёнаў 800 тысяч рублёў.



avi1.jpg

belprauda.org

Мінскі гарадскі суд адмяніў рашэнне Цэнтральнага раённага суда Мінска на прысуд лідэру Руха салідарнасці “Разам” Вячаславу Сіўчыку — 10 мільёнаў 800 тысяч рублёў штрафу за антываенны мітынг на плошчы Свабоды 4 кастрычніка, паведамляе belprauda.org.

3 лістапада прайшло паседжанне Мінскага гарадскога суда па скарзе Сіўчыка на незаконнае рашэнне суда Цэнтральнага раёна ад 9 кастрычніка. Прысуд грунтаваўся на трох пратаколах, складзенных міліцыянтамі па ягоных выступах на плошчы Свабоды.

“Два пратаколы былі, як у іншых выступоўцаў, а трэці быў унікальны — па Пуціну В.В. (вось за каго турбуецца беларуская міліцыя). Быў вынесены штраф у памеры 10 млн. 800 тыс.руб. — за выступы і за абразу Пуціна. У маёй скарзе падрабязна было распісана, чаму рашэнне суда Цэнтральнага раёна незаконнае і патрабавалася адмена гэтага незаконага рашэння і спыненне справы”, — паведаміў Вячаслаў Сіўчык.

Мінскі гарадскі суд рашэнне адмяніў…  і накіраваў справу ў суд Цэнтральнага раёна на паўторны разгляд.

4 кастрычніка на плошчы Свабоду ў Мінску прайшоў мітынг "Не расійскім ваенным базам!". 9 какстрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў арганізатараў на агульную суму 52 мільёны рублёў.