Мінгарвыканкам не дазволіў шэсце на Першамай

Мінгарвыканкам дазволіў правесці 1 мая мітынг у парку Дружбы народаў, у шэсці ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор адмовіў, паведаміў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

2015_may_1.jpg


«Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні шэсця ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Але дазволіў правядзенне мітынгу ў наступным парадку: збор удзельнікаў у парку Дружбы народаў 1 мая з 17.00 да 17.30, мітынг на сцэнічнай пляцоўцы парку Дружбы народаў з 17.30 да 19.30 з агульнай колькасцю ўдзельнікаў да 2 тысяч», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Ярашук, паведамляе tut.by.
Па словах Ярашука, у сваім рашэнні Мінгарвыканкам спасылаецца на артыкул закона аб масавых мерапрыемствах, дзе забараняецца правядзенне масавых мерапрыемстваў у адным і тым жа месцы або па адным і тым жа маршруце руху.
«Мы збіраемся высвятляць у Мінгарвыканкаме абгрунтаванасць адмовы БКДП у шэсці. Гарадскія ўлады павінны даць адказ, хто яшчэ, акрамя нас, 1 мая мае намер праводзіць масавае мерапрыемства па маршруце Акадэмія навук — плошча Бангалор», — адзначыў старшыня БКДП.
Заяўку на правядзенне «Марша салідарнасці» аргкамітэт, у які ўваходзяць прадстаўнікі БКДП, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», руху «За Свабоду», арганізацыйных камітэтаў па стварэнні партыі БХД, Партыі працоўных, Беларускай жаночай партыі «Надзея», падаў 13 красавіка.