Мінінфармацыі прызнала недапушчальнай публікацыю выяў святароў са свастыкамі

Міністэрства інфармацыі пісьмова запатрабавала ад рэдакцыі газеты «Мінская праўда» прыняць захады па недапушчэнні такіх публікацый у будучыні. Гэта вынікае з адказу ведамства на петыцыю, у якой беларусы прасілі прыцягнуць рэдакцыю да адказнасці за апублікаваную ў нумары за 7 верасня 2021 года карыкатуру, на якой былі выяўленыя каталіцкія святары са свастыкамі замест крыжоў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«У Міністэрстве інфармацыі сумесна з зацікаўленымі, уключаючы апарат Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцей, прааналізавалі апублікаваны матэрыял. Паводле агульнага меркавання, публікацыя не спрыяе падтрыманню міжканфесійнага міру і згоды ў нашай краіне. Атаясамліванне дзейнасці асобных каталіцкіх святароў з усёй Рымска-каталіцкай царквой у Беларусі з'яўляецца непрымальным. Такія публікацыі могуць нанесці шкоду міжканфесійным адносінам, а таксама выклікаць негатыўныя наступствы ў грамадскіх адносінах», — гаворыцца ў адказе, падпісаным намеснікам міністра Ігарам Бузоўскім.
Апроч таго, Міністэрства Інфармацыі пісьмова запатрабавала ад рэдакцыі газеты «Мінская праўда» прыняць захады па недапушчэнні такіх публікацый у будучыні і атрымала абяцанні, «што ўсе выказаныя заўвагі і рэкамендацыі будуць выкананыя».