Міністэрства юстыцыі падало позву аб ліквідацыі «Аховы птушак Бацькаўшчыны»

Грамадская арганізацыя «Аховы птушак Бацькаўшчыны» 9 лютага 2022 года атрымала ліст ад Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аб тым, што Міністэрства юстыцыі падало позву аб ліквідацыі АПБ.

otkrytka_15_let_2016__4_.jpg


«Пакуль грамадзянская справа рыхтуецца да судовага разбіральніцтва. Справа ж прыродаахоўная — працягваецца», — напісана на фэйсбук-старонцы арганізацыі.

Адзначаецца, што АПБ працуе дзеля дзікай прыроды і людзей ужо амаль чвэрць стагоддзя. За гэты час дзякуючы сябрам, партнёрам — дзяржаўным і недзяржаўным, беларускім і замежным, спонсарам, валанцёрам і прыхільнікам, зроблена шмат.

  • Праведзена паўторнае забалочванне больш за 17200 га асушаных тарфянікаў;
  • Праведзена праца па наданні 53-м тэрыторыям статуса тэрыторый, важных для птушак (ТВП), 70% іх плошчы зараз знаходзіцца пад аховай дзяржавы;
  • Паспрыялі павелічэнню плошчы рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты» на 10000 га;
  • Падрыхтаваныя сотні ахоўных пашпартоў і абавязацельстваў для рэдкіх відаў і тых, якія знікаюць;
  • Праведзена шмат даследаванняў, прыродаахоўных мерапрыемстваў для такіх глабальга пагражальных відаў, як вялікі арлец, вяртлявая чаротаўка, дубальт, еўрапейскі вугор ды іншыя;
  • Пяць гадоў разам з арнітолагамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і вышэйшых навучальных устаноў праводзілі ўлікі птушак па ўсёй Беларусі, дадзеныя якога ўключаны ў Другі Атлас гнездавальных птушак Еўропы;
  • Створаны рэзерват «Тураўскі луг», які стаў заказнікам, і сталі першай у Беларусі недзяржаўнай арганізацыяй, якая кіруе заказнікам;

«За гэты час нашымі сябрамі сталі больш за 7000 чалавек, нам дапамагалі ахоўваць прыроду штогод больш за 25000 валанцёраў і прыхільнікаў, па ўсёй Беларусі працавала больш за 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў АПБ», — адзначаецца ў паведамленні.

З 2005 АПБ — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», з 1999 года — сябра Кааліцыі Чыстая Балтыка, а ў 2021 была прынятая ў глабальную некамерцыйную арганізацыю Wetlands International, якая займаецца захаваннем водна-балотных угоддзяў.

«У наступным годзе АПБ планавала святкаваць 25-годдзе са дня заснавання. Цікава, што ў нас ёсць сябры, якія ўсе гэтыя гады заставаліся з АПБ. У канцы года мы планавалі рабіць новы чатырохгадовы стратэгічны план дзейнасці. Мы не згодныя з абвінавачваннямі Мінюста ў адрас арганізацыі. Магчыма, гэта марная справа, але мы паспрабуем з адвакатам выступіць у судзе. Ліквідацыя — гэта смерць для арганізацыі, але не для яе сябраў і прыхільнікаў. “Паміраць збірайся, а жыта сей”. Я прысвяціў сваё жыццё ахове дзікай прыроды і буду яе ахоўваць у Беларусі ці за мяжой. Добра, калі атрымаецца працягваць рабіць гэтую справу ў Беларусі разам з вамі, нашымі паплечнікамі», — заявіў дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі.