Мінюст вынес папярэджанне грамадскай арганізацыі «Звяно»

Міністэрства юстыцыі вынесла афіцыйнае папярэджанне грамадскай арганізацыі «Звяно», паведаміла актывістка Таццяна Гацура-Яворская.

Таццяна Гацура-Яворская

Таццяна Гацура-Яворская


Мінюст лічыць, што «Звяно» не магло рабіць маніторынг сістэмы аховы здароўя падчас пандэміі, але, паводле статута, арганізацыя можа збіраць любую інфармацыю. Таксама чыноўнікі заяўляюць, што не былі прадастаўленыя дакументы для праверкі, але арганізацыя не атрымлівала запыт на іх, паведамляе «Еўрарадыё».

Яшчэ адна прэтэнзія: нібыта на сайце ёсць задачы, якіх няма ў статуце. «На сайце пазначаныя задачы, якіх няма ў статуце, — зверыла: усё паводле статута. Чакаем разбору сітуацыі юрыстам, каб дзейнічаць, нягледзячы на стомленасць», — кажа Гацура-Яворская.

Гэтай вясной актывісткі «Звяна» зладзілі выставу «Машына дыхае, а я — не» пра пандэмію COVID-19 у Беларусі. Выстава настолькі не спадабалася ўладам, што яе зачынілі, а саміх актывістак затрымалі. Таццяна Гацура-Яворская правяла 10 дзён за кратамі, у тым ліку ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Пасля гэтага яе выпусцілі, не выставіўшы абвінавачання.

За гэты час улады дэпартавалі яе мужа Уладзіміра Яворскага, забараніўшы яму ўезд у Беларусь на 10 гадоў.