Мінчанку затрымалі за свечку ў вакне на гадавіну забойства Бандарэнкі. Чым усё скончылася?
Працяг ранішняй гісторыі.
З'явілася інфармацыя пра затрыманне музыкі, супрацоўніцы Акадэміі навук Беларусі Наталлі Капыцька. Першапачаткова гаворка ішла пра тое, што жанчыну затрымалі за свечку, якую яна запаліла ў дзень смерці Рамана Бандарэнкі 12 лістапада 2020 года. Навіна выклікала шмат пытанняў: чаму затрымалі толькі цяпер, што з тэрмінам даўніны і гэтак далей. Але высветлілася, што свечку Наталля запальвала 12 лістапада бягучага года. То-бок у гадавіну забойства Бандарэнкі. Пра гэта «Нашай Ніве» расказаў муж мінчанкі.
Затрымалі
жанчыну ўвечары 6 снежня.
«Наташу
ўзялі за свечку ў вакне ў памяць аб Рамане Бандарэнку. Цяпер яна ў КПЗ на
знакамітым Акрэсціна, — расказаў кампазітар Віктар Капыцька, муж
Наталлі. — Яны прыязджалі на працу: Наталля працуе ў Акадэміі навук, старшы
навуковы супрацоўнік, музыка, кандыдат мастацтвазнаўства. Але там яе не
заспелі.
Выклікалі ў
міліцыю, мы прыйшлі ўдваіх, паўгадзіны тлумачэнняў (я ў калідоры) — і арышт.
Яны фоткалі ўсе вокны са свечкамі тады. Ездзілі і фоткалі. Так і патлумачылі».
Суд прайшоў 7 снежня па скайпе, як кажа Віктар Капыцька. Наталлі прысудзілі 5 сутак арышту.
Чаму затрымалі і судзілі менавіта Наталлю, да канца незразумела.
«Так, менавіта гэта я ўчора заявіў і спытаў у міліцыі, калі ўжо яны паведамілі аб затрыманні. Я ўласнік кватэры. Але іх гэта не цікавіла. Ім яна патрэбная была. А мяне пасля гэтага пытання адразу папрасілі сысці», — кажа Віктар Капыцька.