Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: Забарона на нашэнне крыжыкаў — дыскрымінацыя вернікаў

Забарона на адкрытую дэманстрацыю рэлігійных знакаў і сімвалаў медыцынскімі работнікамі, якая ўтрымліваецца ў праекце нормаў медыцынскай этыкi i дэанталогii, з'яўляецца дыскрымінацыяй вернікаў, заявіў на сустрэчы з журналістамі 22 снежня ў сталіцы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

rfndrusevich.jpg

 «Гэта значыць можна насіць значок прыналежнасці да партыі і грамадскай арганізацыі, а рэлігійны знак — не, — абурыўся каталіцкі іерарх. — У нас рэкламуюць піва, працуюць казіно, а вы ведаеце, куды прыводзяць усе гэтыя аднарукія бандыты, а рэлігійны знак, значыць, насіць нельга!»
«Гэта не што іншае як дыскрымінацыя вернікаў. Спадзяюся, гэтыя нормы будуць зменены», — сказаў Кандрусевіч.
Праект нормаў медыцынскай этыкi i дэанталогii распрацаваны Міністэрствам аховы здароўя. Ён быў апублікаваны на сайце міністэрства ў канцы лістапада для абмеркавання, якое будзе доўжыцца да 25 снежня. Дакумент вызначае патрабаванні да знешняга выгляду, манеры зносін з пацыентамі медработнікаў і фармацэўтаў.
Сярод іншага ў праекце гаворыцца, што медработнікамі «не дапускаецца відавочная дэманстрацыя сваёй рэлігійнай прыналежнасці, адкрытае нашэнне рэлігійных знакаў і сімвалаў».
БелаПАН