Мітрапаліт Павел узначаліў Інстытут тэалогіі БДУ

У Інстытуце тэалогіі Белдзяржуніверсітэта 22 верасня адбылося пашыранае пасяджэнне Савета Інстытута. На мерапрыемстве прысутнічалі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, рэктар БДУ Сяргей Абламейка, першы прарэктар Інстытута тэалогіі епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, кіраўнік справамі Мінскага Экзархата архімандрыт Антоній (Даронін), прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкай карпарацыі, адміністрацыйнага персаналу і студактыва Інстытута тэалогіі БДУ.



mitropolit_pavel.jpg

Сяргей Абламейка паведаміў, што 22 верасня скончыліся паўнамоцтвы ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта на пасадзе рэктара Інстытута тэалогіі з-за заканчэння кантракту. У сувязі з гэтым заняць пасаду рэктара прапанавалі мітрапаліту Паўлу. Кандыдатуру Патрыяршага Экзарха ўхваліў Савет БДУ, і ён быў зацверджаны на пасадзе рэктара.

Сяргей Абламейка адзначыў, што мітрапаліт Філарэт стаяў ля вытокаў заснавання Інстытута тэалогіі і быў яго рэктарам больш за 20 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам Інстытут стаў паўнапраўным падраздзяленнем БДУ, цэнтрам багаслоўскай навукі і міжканфесійнага дыялогу. Рэктар БДУ выказаў надзею на тое, што мітрапаліт Павел працягне традыцыі супрацоўніцтва Царквы і дзяржавы ў сферы адукацыі і выхавання. У сваю чаргу Патрыяршы Экзарх падзякаваў кіраўніцтву БДУ за давер і запэўніў ў гатоўнасці актыўна развіваць лепшыя традыцыі Інстытута тэалогіі.

Першы прарэктар Інстытута епіскап Серафім зачытаў прывітанне мітрапаліта Філарэта да ўдзельнікаў пасяджэння, у якім той падзякаваў мітрапаліту Паўлу «за згоду ўзяць на сябе гэты цяжар кіраўніцтва». «Веру, што з Божай дапамогай гэта ярмо будзе для Вас добрым, і цяжар гэты будзе лёгкім (гл. Мц. 11: 30)», — гаворыцца ў прывітанні.

У сваю чаргу новы рэктар Інстытута тэалогіі БДУ, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел падзякаваў кіраўніцтву Беларускага дзяржаўнага універсітэта за давер і запэўніў усіх у сваёй гатоўнасці захоўваць і актыўна развіваць лепшыя традыцыі Інстытута тэалогіі БДУ.

Паводле krynitsa.info, church.by