МНС патумачыла, чаму не ратавала сабаку, які паміраў ад спякоты ў замкнёным аўто

Закон не дазваляе разбіць шыбу ў аўтамабілі, калі сітуацыя не пагражае жыццю і здароўю чалавека, заявілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацый.

sabaka.jpg

Выпадак у Мінску, калі ў машыне з зачыненымі вокнамі ад спякоты памёр сабака, выклікаў вялікі рэзананс грамадскасці. Людзі абураюцца, што супрацоўнікі міліцыі і Міністэрства па надзвычайных сытуацыях не адгукнуліся на тэлефанаванні і не дапамаглі выратаваць сабаку як «найлепшага сябра чалавека».
Радыё Свабода звярнулася ў мінскае гарадское ўпраўленне МНС і папрасіла адказаць на пытанні наведнікаў сайта.
— Чаму супрацоўнікі МНС не разбілі шыбу машыны, у якой паміраў сабака? Вядомыя ж выпадкі, калі ратаўнікі здымаюць катоў з дрэваў ці ратуюць сабакаў з азёраў.
— У выпадках з дрэвамі ці азёрамі мы дзейнічаем сыходзячы з асабістай чалавечай ініцыятывы. А сітуацыя з замкнутай машынай ня ўпісваецца ў такую схему. Што значыць разбіць шкло чужога аўтамабіля? Гэта азначае пашкоджанне асабістай маёмасці. У нас такіх паўнамоцтваў няма. Мы можам і разбіваць шыбу чужой машыны толькі тады, калі існуе пагроза жыццю альбо здароўю чалавека. Падкрэсліваю, чалавека. Так прапісана ў заканадаўстве.
У гэтым выпадку ўсё развівалася даволі імкліва. Нам патэлефанавалі. Мы адразу перадалі інфармацыю ў ДАІ. Там «прабілі» нумары машыны, знайшлі яе гаспадара. І ён выйшаў з крамы. Але было ўжо позна. Вось так атрымалася.
— Што рабіць чалавеку, які пабачыў, што нейкай жывёле патрэбна дапамога, але сам не можа яе ўратаваць? Каму тэлефанаваць?
— У нас у сталіцы ёсьць дзяржаўнае прадпрыемства «Фаўна горада». Менавіта гэта арганізацыя займаецца ўсімі пытаннямі, якія тычацца жывёлаў. Гэта іхная сфера адказнасці.
— Ці патрэбная ў Беларусі нейкая спецыяльная служба для ратавання жывёлаў, ці мо трэба замацаваць такую функцыю за асобнымі атрадамі МНС?
— Наша міністэрства ня мае да жывёлаў ніякага дачынення. Як і да заканадаўчай ініцыятывы наконт гэтага. Нам складана адказаць на гэтае пытаньне.
14 жніўня 2017 году ля супермаркета ў раёне Шабаноў у машыне з зачыненымі вокнамі загінуў сабака. Побач сабраўся натоўп. Відавочцы на месцы казалі, што ўжо больш за 20 хвілін спрабуюць знайсці гаспадароў машыны ў краме, што тэлефанавалі ў міліцыю і МНС. Сабака спачатку біўся на сядзенні, потым зваліўся на падлогу, потым у з ягонага роту пайшла пена і пачаліся канвульсіі. Выратаваць яго не атрымалася. Біць акно чужой машыны ніхто не адважыўся.
Некалькі сведак здарэння даслалі зварот у пракуратуру. Яны патрабуюць прыцягнуць да адказнасці ўсіх, чые дзеянні і бязьдзейнасць прывялі да пакутлівай смерці жывёлы.
Паводле Радыё Свабода