MonkeyFood пакуль зачыненыя, але грошы на штраф сабралі

Літаральна за некалькі дзён людзі сабралі 11510 рублёў для сплаты штрафу сеткі кавярняў MonkeyFood.

preview_small_1590593105340.png


"Мы не толькі сабралі грошы, але і атрымалі вельмі шмат словаў падтрымкі, — сказала Марта Скугарава, спецыяліст па камунікацыях MonkeyFood. — Гэта вельмі натхняе і падпітвае рэсурсам".
Нагадаем, 30 кастрычніка ў абедзьве ўстановы MonkeyFood адначасова прыйшлі 2 праверкі санстанцыі. Зачынілі абедзьве ўстановы. 31 кастрычніка ў абедзьве ўстановы адначасова прыйшлі 2 праверкі МНС. Яны таксама зачынілі нашы ўжо зачыненыя ўстановы паўторна. У кавярні на Багдановіча быў 1 вогнетушыцель замест 5. Паміж стэлажом і шафкай у калідоры было менш за метр. А ў кавярні на Кастрычніцкай не было дамовы на тэхабслугоўванне.

Усе праверкі прыходзілі так, каб фізічна немагчыма было падаць усе неабходныя паперы, так як кафэ два, а многія дакументы ў адным экзэмпляры на прадпрыемства (часопісы, інструктажы, загады).

2 лістапада кіраўніцтва кавярніў запрасіла санстанцыю для праверкі нашых кавярняў пасля ліквідацыі прадпісанняў. СЭС Савецкага раёна прынялі выпраўленні праз фотасправаздача і далі дазвол на працу. А СЭС Ленінскага раёна 3 лістапада прыйшла праверыць асабіста і таксама дазволіла працаваць. У выніку нам далі дазвол на працу па абедзьвюх кавярнях.

2 і 3 лістапада МНС далі нам штрафы на суму 11510 рублёў. А ўжо 4 лістапада ў абедзьве кавярні паўторна прыйшлі праверкі СЭС. Атрымліваецца, што на Кастрычніцкай — гэта 3-я праверка СЭС за 5 дзён, а на Багдановіча другая. Яны зноў прыйшлі сінхронна, у аднолькавы час у абедзьве кавярні. Зноў зачынілі ўстановы. На дадзены момант абедзьве кавярні і дастаўка не працуюць.