Мурал Калеснікавай жыве!
Нягледзячы на ўсе спробы камунальнікаў знішчыць мурал Марыі Калеснікавай мясцовыя жыхары яго зноў і зноў упарта і з натхненнем аднаўляюць. Цяпер на ім з’явіліся беларускія арнаменты, якія сімвалізуюць «Жыццё». Але цікавостка ў тым, што сімвалы, падобна, зрабілі не мясцовыя жыхары.

Толькі пазаўчора камунальнікі зафарбавалі зялёным мурал Калеснікавай, што знаходзіцца на створанай мясцовымі жыхарамі плошчы Марыі Калеснікавай у мікрараёне Даброўка-3, як на раніцу мясцовыя жыхары яго ізноў аднавілі, пафарбаваўшы ў колеры нацыянальнага сцяга. Больш таго, малюнкі бел-чырвоны-белых сцягоў з’явіліся на знак супраціву і на дамах, што атачаюць неафіцыйную плошчу.


Але камунальныя службы пад покрывам цемры ізноў зрабілі чарговую няўдалую спробу знішчыць мурал, ізноў пакрыўшы яго зялёнай фарбай. Падобна, што як буйныя, так і дробязныя чыноўнікі на месцах дагэтуль яшчэ не сцямілі, што яны ўжо даўно прайгралі і зараз знаходзяцца ў меншасці. Бо тое, што зараз знаходзіцца ў людскіх сэрцах — не зафарбаваць, а тое, што ў душах народа і ягоным розуме — ужо нічым не знішчыць.



Сёння зранку мурал ізноў пах свежай фарбай — цяпер на ім красуюцца беларускія арнаменты, якія сімвалізуюць «Жыццё». Мясцовыя пры гэтым абмяркоўваюць паміж сабой, што гэта не іх рук справа. Бо быў забрызганы з балончыка надпіс-шыльда «пл. М. Калеснікавай, 97%». Падобна, што нехта, як кажуць паміж сабой мясцовыя — «людзей, замбіраваных ТВ» убачыў у сімвале свастыку, цалкам не ведаючы значэння і гісторыі беларускага сімвалізму, і тым самым наадварот — толькі ўпрыгожыў сцяну нацыянальнай сімволікай, я не сапсаваў. Больш таго, яны сыгралі адмоўную ролю сваёй задумцы, бо іх так бы мовіць «свастыка» атрымалася на спалучэнні дзяржаўных зялёна-чырвоных колераў. І што яны гэтым спрабавалі сказаць, цяпер зусім не зразумела.
Праўда, уначы яшчэ нехта пазнімаў бел-чырвоныя стужкі, што упрыгожвалі агароджу побач. Учора ўвечары мясцовым атрымалася сфатаграфаваць жанчыну, якая адвязвала стужкі, яны і адагнаць яе. Уначы стужкі ўсё ж такі зніклі. Але аднавіць і іх — справа часу.

Мы працягваем сачыць за тым, што адбываецца на плошчы Марыі Калеснікавай (двор дома па вул. Калеснікава, 16).
Фота аўтара