МУС: у сераду было затрымана 364 чалавекі, з іх 252 — у Мінску

МУС Беларусі паведаміла статыстыку па затрыманнях 23 верасня пасля таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Міліцыя затрымала 364 пратэстоўцы, з іх 252 — у Мінску. Праваабаронцы мелі звесткі толькі пра 259 чалавек, паведамляе «Еўрарадыё».

prospekt_20200923_bur_027_photo_2020_09_23_19_34_55.jpg


У МУС налічылі 59 пратэстных акцый з 5 тысячамі ўдзельнікаў (большасць — у Мінску). Паведамляецца пра блакіроўкі вуліц у сталіцы і людзьмі, і аўтамабілямі. Прызнаецца выкарыстанне "спецсродкаў і тэхнікі". Як вядома, у Мінску ў некалькіх раёнах горада выкарыстоўваліся вадамёты. Міліцыя сцвярджае, што агрэсіўныя пратэстоўцы ва ўзросце да 30 гадоў выкарыстоўвалі камяні і "іншыя прадметы", якія кідалі ў сілавікоў. Сярод апошніх ёсць пацярпелыя.
Асобна адзначаецца акцыя ў Віцебску з 100 удзельнікамі, якія блакавалі рух транспарту. Паведамляецца, што на адным з скрыжаванняў "невядомыя рассыпалі металічныя шыпы".