Мужу — калонію, жонцы — «хатнюю хімію». У Мінску за ўдзел у пратэстах асудзілі сям'ю палітвязня

У судзе Ленінскага раёна Мінска 30 сакавіка за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года асудзілі мужа і жонку Дар’ю і Аляксея Арбузавых. Суддзя Анастасія Ачалава асудзіла па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») палітзняволенага Аляксея на 1,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за ўдзел у двух маршах, а Дар’ю — на два гады «хатняй хіміі» за ўдзел у адным маршы. Пра гэта паведамілі праваабаронцы.

arbuzau.jpg

Сужэнцы з Мінска Аляксей і Дар’я сталі фігурантамі крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Прычына — удзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Мужчыну ўзялі пад варту, і з 13 снежня мінулага года ён знаходзіцца ў СІЗА.

Раней Аляксей прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года. Тады яго затрымалі каля паземнага пераходу блізу гасцініцы «Беларусь».

Згодна з версіяй абвінавачання, 23 жніўня Аляксей Арбузаў «з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», а менавіта з 11:46 да 20:26 ажыццяўляў блакіроўку руху транспарту. Згодна з матэрыяламі справы, Арбузаў з іншымі неўстаноўленымі асобамі сваімі дзеяннямі парушыў рух 19 грамадскіх аўтобусаў і 5 тралейбусаў.

Акрамя гэтага, Аляксею інкрымінавалі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 30 жніўня. За гэты эпізод асудзілі і Дар’ю Арбузаву. 

Суддзя Ачалава таксама пастанавіла знішчыць рэчавыя доказы па справе, якія былі знойдзены пры ператрусе дома ў Арбузавых — «фрагмент паперы неправільнай формы, паштоўку, налепку».