Журналістцы Кацярыне Андрэевай прад'явілі новае абвінавачанне. Ёй пагражае да 15 гадоў зняволення

Нагадаем, зараз тэлерэпарцёрка Кацярына Андрэева і яе калега аператарка Дар'я Чульцова адбываюць пакаранне (2 гады калоніі) за стрым, які яны ладзілі з мінскай «Плошчы Перамен» у лістападзе 2020-га неўзабаве пасля смерці Рамана Бандарэнкі. 

277790734_4886534544759546_5604043042206900831_n.jpg

Новае абвінавачанне Кацярыне Андрэевай прад'яўлена паводле артыкула «Здрада дзяржаве». Сутнасць справы патлумачыў у Фэйсбуку муж журналісткі Ігар Ільяш.

«Кацярыне прад'яўленае абвінавачанне па ч. 1 арт. 356 ("Здрада дзяржаве"), — напісаў Ігар Ільяш. — Следства завершана, справа неўзабаве будзе перададзеная ў пракуратуру. Магчыма, ужо ў траўні адбудзецца суд. Каці пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Мы не ведаем, на аснове якіх падзей паўстала гэтае абвінавачанне. Справай займалася УКДБ па Гомельскай вобласці, следства праходзіла ва ўмовах поўнай сакрэтнасці, то-бок аж да ўчарашняга дня, на працягу 55 сутак пасля яе пераводу ў СІЗА, сваякі не ведалі ні статусу Каці, ні артыкула, па якім праводзяцца тыя самыя "працэсуальныя дзеянні". Пра сутнасць абвінавачання мы нічога не ведаем дагэтуль і, напэўна, ніякай інфармацыі на гэты конт ужо не атрымаем — суд відавочна будзе закрытым.

Але не абавязкова ведаць нейкія дэталі, каб разумець усю абсурднасць падобнага абвінавачання. Каця была прысуджаная да 2 гадоў пазбаўлення волі за стрым з акцыі пратэсту, яна ўжо 16 месяцаў знаходзіцца за кратамі. І вось за пяць месяцаў да завяршэння тэрміну зняволення ёй раптам выстаўляюць новае абвінавачанне — у «здрадзе радзіме». У ахопленай таталітарным вар'яцтвам дзяржаве такая канструкцыя апрыёры не можа мець нічога агульнага з законам і рэальнасцю. Затое відавочная аналогія са сталінскай практыкай — накручваць новы тэрмін палітвязню, калі падыходзіць да канца папярэдні. Прычым і тэрмін ёй таксама пагражае цалкам сталінскі.

Каця абсалютна невінаватая. Яна ніколі не рабіла нічога супрацьзаконнага. Гэтая крымінальная справа — жахлівая па сваёй цынічнасці і жорсткасці помста за журналісцкую дзейнасць», — падсумаваў Ігар Ільяш.