«Вочы жудасна пячэ». Галоўрэда расійскай «Новай газеты» Дзмітрыя Муратава аблілі фарбай у цягніку
Галоўрэда «Новай газеты», нобелеўскага лаўрэата Дзмітрыя Муратава аблілі чырвонай фарбай у цягніку, паведамляе выданне ў Тelegram.
![photo_2022_04_07_20_30_59.jpg photo_2022_04_07_20_30_59.jpg](/img/v1/images/photo_2022_04_07_20_30_59.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Аблілі ў купэ алейнай фарбай з ацэтонам. Вочы жудасна
пячэ. Цягнік Масква — Самара», — заявіў Муратаў. Выданне апублікавала
фота, на якім відаць, што галава і футболка журналіста запэцканыя чырвонай
фарбай, яна таксама разліта па століку і паліцы купэ.
![photo_2022_04_07_20_30_59__2_.jpg photo_2022_04_07_20_30_59__2_.jpg](/img/v1/images/photo_2022_04_07_20_30_59__2_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нагадаем, летась Дзмітрый Муратаў быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру.
«Новая газета» прыпыніла выхад неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне. Прычына — фактычная немагчымасць працаваць праз татальную цэнзуру ў Расіі. Раней улады РФ дэ-факта прыпынілі працу іншых буйных незалежных медыя — радыёстанцыі «Эхо Москвы» і тэлеканала «Дождь».
Практыка падобных запалохванняў журналістаў існуе ў Расіі ўжо даўно. Так, некалі невядомыя аблілі фекаліямі вядомую журналістку Юлію Латыніну, пасля чаго тая з'ехала з Расіі. Таксама варта ўзгадаць, што некалі да паўсмерці быў збіты рэпарцёр Алег Кашын (таксама зараз у эміграцыі). А нядаўна — ужо пасля нападу Расіі на Украіну — невядомыя падкінулі галаву свінні пад дзверы былога галоўнага рэдактара «Эха Москвы» Аляксея Венядзіктава. Ва ўсіх згаданых (і ў многіх іншых) выпадках вінаватых так і не знайшлі.