На БелАЭС правядуць новыя стрэс-тэсты і «пераацэнку бяспекі»

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў распарадзіўся стварыць міжведамасную рабочую групу для падрыхтоўкі нацыянальнай справаздачы аб мэтавай пераацэнцы бяспекі БелАЭС.

Беларуская АЭС

Беларуская АЭС


Групе загадана падрыхтаваць справаздачу аб пераацэнцы і стрэс-тэстах да 31 жніўня 2017 года.
Каардынаваць працу загадана міністру надзвычайных ситуацыяў Уладзіміру Вашчанку. У склад групы ўвайшлі толькі дзяржаўныя чыноўнікі і навукоўцы, незалежных або замежных спецыялістаў у ёй няма. Пры неабходнасці групе дазволена далучыць да працы адмыслоўцаў органаў дзяржаўнага кіравання або падкантрольных ураду ўстаноў.
Стрэс-тэсты на БелАЭС праводзіліся ў верасні 2016 году, іх вынікі былі атрыманыя ў снежні, іх абяцалі прадставіць грамадскасці. У канцы красавіка 2017 году на БелАЭС прайшлі вучэнні ў рэагаванні на тэракты.
За межамі Беларусі турбуюцца пра бяспеку на БелАЭС. Літва назвала 10 прычынаў не будаваць атамную станцыю ў Астраўцы: пляцоўка небяспечная; стрэс-тэсты мусілі праводзіць значна раней; Беларусь адмаўляецца выконваць міжнародныя стандарты ядзернай бяспекі; ужо адбыўся шэраг інцыдэнтаў; 16 еўрапейскіх сталіцаў у небяспечнай зоне... Літва і Польшча не збіраюцца купляць электраэнергію з БелАЭС, літоўскія палітыкі карыстаюцца ледзь не любой нагодай, каб нагадаць беларускім уладам пра небяспеку атамнай станцыі.
Першы корпус рэактара для БелАЭС упаў з неназванай вышыні, яго замянілі; другі корпус рэактару падчас транспартавання стукнулі аб слуп, але пакуль не замянялі. «Стукнуты» корпус рэактара падвышае рызыку аварыі, сцвярджаюць беларускія эколагі.
www.svaboda.org