На «беларускія Мальдывы» будуць пускаць турыстаў. Але не ўсіх такі варыянт узрадуе

На крэйдавыя кар'еры пад Ваўкавыскам, якія даўно прасілі адкрыць для турыстаў, відаць, улетку можна будзе патрапіць. Аднак далёка не ўсіх такі варыянт адпачынку задаволіць, паведамляе Onliner.

7348afc0b542ea408120f762e6a92b05.jpeg

Беларусы гадамі ездзілі адпачываць на «беларускія Мальдывы». І гадамі іх адтуль выганялі. Жывапісныя, але небяспечныя кар'еры пад Ваўкавыскам вельмі доўга прасілі адкрыць для турыстаў, і вось у мінулым годзе адміністрацыя Краснасельскага завода абвясціла пра намер арганізаваць маршрут і ўзяць прамысловы турызм рэгіёна ў свае рукі.

Прайшло больш за паўгода з таго моманту, і сёння нарэшце ўсё практычна гатова. Як распавялі Onliner у «Краснасельскбудматэрыялах», пускаць турыстаў на кар’еры будуць ужо сёлета.

Цяпер кіраўніцтва завода распрацоўвае праектна-каштарысную дакументацыю па ўладкаванні бяспечнай назіральнай пляцоўкі. Маршрут для турыстаў ужо распрацаваны: наведвальнікам будуць ладзіць экскурсію па музеі, потым паказваць самі кар'еры з назіральнай пляцоўкі і прапаноўваць спыніцца ў заводскім санаторыі.

Пускаць турыстаў будуць толькі групамі і толькі пад наглядам: забарона на шпацыр па берагах знятая не будзе. Такі варыянт наўрад ці задаволіць большасць: многія прыязджалі на крэйдавыя кар'еры з намётамі, купаліся і загаралі на белых пляжах. Аднак на прадпрыемстве лічаць, што такі варыянт немагчымы.