На бязрыб'і і сцяг рыба. Гісторыя няўдалай рыбалкі (смешнае відэа)

У цэнтры Мінска невядомы, стоячы на даху, спрабаваў зняць з гаўбца бел-чырвона-белы сцяг. Спосаб абраў незвычайны: сцяг вылоўліваў "вудай". 


Месца дзеяння — чатырохпавярхоўка на Бабруйскай, 23. Жылы дом знаходзіцца ў цэнтры Мінска, насупраць ГЦ "Галілеа". На запісу відаць, як мужчына з даху спрабуе вылавіць сцяг з балкона чацвёртага паверха, але ў нейкі момант палатно забірае гаспадар.
У той самай кватэры жыве Дзмітрый, ён айцішнік, працуе з дому. Мінчанін кажа, што гісторыя адбылася сёння прыкладна ў 16.30, прама ў разгар рабочай нарады.
— У мяне якраз быў мітынг. Чую, у шыбу нешта стукнула. Гляджу — сцяг ужо напалаву ляжыць, падумаў — можа, вецер моцны. Пабег ратаваць сцяг. Потым прыйшлася выбачацца перад калегамі з Канады і Польшчы, тлумачыць, што адбылося, — апісваючы сітуацыю, мянчук не хавае смеху.
Зміцер кажа, што сцяг на балконе павесіў яшчэ за некалькі тыдняў да выбараў 9 жніўня. Кажа, тады да яго прыходзілі міліцыянты з Кастрычніцкага РУУС.
— Сказалі "Здыміце сцяг!". Я спытаў, ці гэта законнае патрабаванне. Яны патлумачылі, што гэта простая просьба. Я адказаў: "Тады не, няхай вісіць".
Упершыню сцяг з балкона "скралі" 6 жніўня. Знайшоўся ён у Кастрычніцкім РУУС: маладому чалавеку па тэлефоне прапанавалі прыйсці ў міліцыю і забраць сваю ўласнасць.
— Я не пайшоў, бо вырашаў, што зараз не лепшы час хадзіць у РУУС.

Мянчук вывесіў на балкон другі сцяг, які правісеў доўга, за ім прыехалі камунальнікі з вышкай толькі два дні таму.
— Я не даваў зняць сцяг. Але мы з супрацоўнікамі дамовіліся, што я здыму сцяг, яны зрабяць фота, а ўвечары я магу яго зноў павесіць. Я так і зрабіў. Але ўчора сцяг зноў скралі — суседка распавяла, што здымалі з трэцяга паверха. Ну нічога, У мяне грошай на сцягі хопіць.

flag_na_bobruyskoy.jpg


Дзмітрый звяртае ўвагу, што мужчына, які сёння спрабаваў вылавіць сцяг, працаваў без каскі, страховачных трасоў таксама не відаць.
— Гэта выглядае небяспечна!
Мінчанін дадае, што вывешвае сцяг на балкон, таму што гэта — гістарычны сімвал Беларусі.
— А яшчэ гэта мой мірны пратэст.

Паводле news.tut.by