На экс-супрацоўніка TUT.BY Аляксандра Дземідовіча завялі крымінальную справу
На камерцыйнага дырэктара сеткі кінатэатраў «Silver Screen» Аляксандра Дземідовіча, які раней працаваў на партале TUT.BY, завялі крымінальную справу. Пра гэта паведамляецца ў адным з тэлеграм-каналаў сілавікоў.
У гэтым тэлеграм-канале з'явілася «пакаянае» відэа Дземідовіча, у якім ён кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Паведамляецца, што на Аляксандра завялі крымінальную справу па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Асобы, прызнаныя па ёй вінаватымі, караюцца арыштам або абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да чатырох гадоў.
Аляксандра Дземідовіча затрымалі на працоўным месцы 25 траўня. Па словах відавочцаў, усё адбывалася ў прамежак з 15.30 да 16.00.
— Да нас прыйшлі тры супрацоўнікі органаў унутраных справаў у цывільным, крыху пагаварылі з супрацоўнікамі і сказалі адвесці іх да Аляксандра Дземідовіча. Далей яны ўжо зайшлі ў ягоны кабінет, сказалі збіраць рэчы, маўляў, паедзем на ператрус. Забралі ключы ад дома, тэлефон. Сказалі, што яго не будзе 10 сутак. Што за артыкул, па якім яны яго затрымлівалі, невядома, — распавёў адзін з відавочцаў.
Яго абвінавацілі ў «непадпарадкаванні законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы» (арт. 24.3 КаАП Беларусі). Рашэнне суда — 15 сутак арышту.
Раней Аляксандр Дземідовіч працаваў на розных пасадах у TUT.BY. Да разгрому ўзначальваў адно з падраздзяленняў камерцыйнай службы.