Палітзняволены бяздомны Аляксандр Кутас знаходзіцца ў гомельскім СІЗА
Кутас правёў 22 гады ў месцах пазбаўлення волі.

Палітзняволены бяздомны Аляксандр Кутас знаходзіцца ў гомельскім СІЗА. Падтрымайце яго лістамі!
Аляксандр Кутас — бяздомны з Мінска, якога затрымалі 1 снежня 2021 года паводле артыкула 342-2 КК за «неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 2 сакавіка Аляксандра асудзілі да аднаго года калоніі агульнага рэжыму.
Пра Кутаса вядома, што яго 10 разоў кідалі на «суткі» па арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне») у 2021 годзе. Пратаколы на яго складалі за плакаты, на якіх звычайна быў намалёваны сцяг БССР і напісаныя просьбы аб дапамозе. Але аднойчы яго затрымалі за БЧБ-плакат. На Акрэсціна Кутас правёў мінімум 130 сутак арышту. Аляксандра часам можна было сустрэць з маленькімі жывёламі. Вядома, што Кутас правёў 22 гады ў месцах пазбаўлення волі. Днямі яму споўнілася 60 гадоў.
Нядаўна стала вядома, што цяпер ён утрымліваецца ў гомельскім СІЗА-3.