На нядзельных акцыях пратэсту ў Беларусі затрымалі каля 20 чалавек

17 студзеня стала 162-м днём пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і пераследу іншадумцаў, нагадвае Радыё Свабода.

photo_2021_01_17_14_23_59_1.jpg

Не менш як 18 чалавек затрымалі сілавікі на нядзельных акцыях пратэсту, пра гэта сведчаць звесткі Праваабарончага цэнтра «Вясна» і валанцёрскага телеграм-каналу «Спісы затрыманых».
Як мінімум пяць чалавек дастаўленыя ў міліцыю ў Гродна. Сярод іх генеральны дырэктар польска-беларускага прадпрыемства «Квінфуд» Валер Загорскі, які апрануў маску з гербам «Пагоня».
У Мінску затрыманні адбываліся каля станцыі метро «Пушкінская» побач з народным мемарыялам Аляксандру Тарайкоўскаму і ў раёне вуліцы Заслаўскай. Тэлеграм-канал «Белыя халаты. News» паведамляе аб затрыманні фельчара хуткай дапамогі, чэмпіёнкі Беларусі па муай-тай Анастасіі Калашнікавай.
Акрамя Мінска і Гродна 17 студзеня пратэставалі ў Брэсце, Віцебску, Барысаве, Наваполацку, Лідзе, Кобрыне, Лагойску, Маладзечне, Вілейцы, Ракаве, Заслаўі. Беларуская дыяспара правяла акцыі ў Кіеве, Львове, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Берліне, Гамбургу, Варшаве, Вроцлаве.