«На паражэнне». Два дні запар МУС паведамляе пра стральбу ў падазраваных, аднаго забілі

За апошнія два дні Міністэрства ўнутраных спраў двойчы паведаміла пра выпадкі, калі супрацоўнікі МУС стралялі на паражэнне пры затрыманні падазраваных у здзяйсненні злачынства, піша «Позірк».

Фота: getty images

Фота: getty images

Згодна з інфармацыяй прэс-службы МУС, апошні выпадак адбыўся 21 лістапада ў 8:10. Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС па Мінскай вобласці і АМАП УУС Мінаблвыканкама прыбылі ў адзін з дамоў у вёсцы Вялікі Лес (Крупскі раён). Паводле іх звестак, там знаходзілася «група ўзброеных людзей»: 62-гадовы гаспадар дома з двума сынамі 36 і 19 гадоў.

Бацьку і старэйшага сына затрымалі. Агонь быў адкрыты па 19-гадовым юнаку, які, як сцвярджаецца, «выйшаў на супрацоўнікаў з двума нажамі, выказваючы пагрозы». Цяпер ён у бальніцы.

«Праваахоўнік зрабіў папераджальны стрэл, пасля чаго была выкарыстана зброя на паражэнне», — гаворыцца ў паведамленні.

МУС апублікавала відэазапіс, на якім бачна: мінімум пяць амапаўцаў у поўнай амуніцыі (некаторыя са шчытамі) спачатку выломліваюць замок у дзвярах металічнага плота, затым аказваюцца перад адчыненымі дзвярыма дома. З яго выходзяць мужчыны без зброі і на патрабаванне сілавікоў беспярэчна кладуцца на зямлю.

Затым дзеянне адбываецца ў памяшканні. Раздаюцца крыкі «Кінь нож!». Раздаецца адзін стрэл, чуваць жаночы крык. Супрацоўнікі МУС некалькі разоў патрабуюць выкінуць нож, а затым нехта з іх кажа: «Выкінь нож — акажам дапамогу». Далей ідзе ўказанне тэлефанаваць у хуткую дапамогу.

Глядзіце таксама

За дзень да гэтага прэс-служба МУС паведаміла пра званок у Рэчыцкі РАУС (Гомельская вобласць), які паступіў недзе апоўначы 19 лістапада. Жыхар вёскі Ліскі заявіў, што ў бок яго дома стралялі знаёмыя.

Было высветлена, што «заяўнік напярэдадні распіваў спіртное ў кампаніі прыяцеляў, затым пайшоў дадому». «Пасля двое сабутэльнікаў 36 і 39 гадоў прыйшлі да яго дома з абвінавачваннямі ў крадзяжы алкаголю. Падчас сваркі адзін з іх выказваў пагрозы расправы з гаспадаром дома і яго сям’ёй, зрабіў стрэл з паляўнічай стрэльбы ў плот», — гаварылася ў паведамленні.

Міліцыянты затрымалі 36-гадовага мужчыну. Другога знайшлі з паляўнічай стрэльбай на адной з вуліц вёскі. «На неаднаразовыя патрабаванні пакласці зброю на зямлю вясковец не рэагаваў і рухаўся са стрэльбай, накіраванай у бок міліцыянтаў і грамадзянскіх асоб. Супрацоўнікі зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, затым адзін на паражэнне», — паведаміла прэс-служба МУС.

Мужчына памёр у бальніцы.