Найбліжэйшымі днямі ў Мінск з'едуцца прадстаўнікі МЗС сямі краін ЕС

Палітычныя дырэктары міністэрстваў замежных спраў Вышаградскай групы (Венгрыя, Польшча, Славакія, Чэхія) наведаюць Беларусь 9 лютага.  



vyshiehradskaja_cietvierka_no.jpg

Дэлегацыя Вышаградскай групы плануе сустрэцца з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў, а таксама з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта і ўрада. "Падчас сустрэч плануецца абмеркаванне праблематыкі ўзаемадзеяння Беларусі і Вышаградскай групы, стану і перспектыў супрацоўніцтва Беларусі і Еўрасаюза, а таксама пытанняў рэгіянальнай бяспекі", — паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.

Раней паведамлялася, што 9 і 10 лютага Мінск таксама наведаюць прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў Аўстрыі, Вялікабрытаніі і Германіі. Ва ўсіх у іх запланаваныя сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем.

Візіты заходнееўрапейскіх палітыкаў пройдуць напярэдадні паседжання Савета Еўрасаюза па замежных справах, якое адбудзецца 15 лютага ў Бруселі. У парадак пасяджэння ўключана пытанне па Беларусі.

Нагадаем, да канца лютага ЕС павінен вызначыцца адносна абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі. У цяперашні час дзейнічае рашэнне аб прыпыненні санкцый супраць 171 фізічнага і 10 юрыдычных асобаў Беларусі, прынятае Еўрасаюзам 31 кастрычніка 2015 года на чатыры месяцы. Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі неаднаразова заяўлялі, што ў Мінску разлічваюць на поўную адмену санкцый.

Паводле: БелаПАН