Намеснік дырэктара Нацыянальнага кадастравага агенцтва звольніўся з-за сітуацыі ў краіне
Пра сваё рашэнне намеснік дырэктара Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзмітры Рытвінскі паведаміў у Facebook.
«Працу заўсёды можна знайсці, а вось сумленне, калі страціш, можна ўжо і не знайсці. Звольніўся. Уласнае рашэнне. Калі хто яшчэ не чытаў, ніжэй спасылка. Дадаць нешта да таго, што ў лісце, ужо складана. Можа, пазней напішу пост даўжэй. Трэба асэнсаваць і перажыць момант трохі. Цяпер афіцыйна беспрацоўны, упершыню за 18 гадоў», — напісаў Рытвінскі ў Facebook.
19 верасня палова калектыву агенцтва — больш за 80 чалавек, падпісалі адкрыты ліст. У ім яны патрабуюць спыніць жорсткасць і празмернае ўжыванне сілы з боку праваахоўных органаў і расследаваць усе выпадкі перавышэння службовых паўнамоцтваў і незаконнага выкарыстання сілы супраць мірных грамадзянаў. Таксама ў лісце патрабуюць вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, спынення адключэння інтэрнэту і правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў з пад наглядам міжнародных незалежных назіральнікаў і беларускай грамадзкасці.
У выпадку невыканання гэтых патрабаванняў і адсутнасці рэакцыі на іх супрацоўнікі Агенцтва пакідаюць за сабой права абвясціць страйк.