Нашу калегу Марыну Драбышэўскую выклікаюць у пракуратуру і міліцыю (дапоўнена)

Журналістку-фрылансера з Гомеля Марыну Драбышэўскую сёння, 24 сакавіка, выклікалі ў пракуратуру. А ранкам 25 сакавіка — у міліцыю.

Марына Драбышэўская і Яўген Меркіс, Фота з фэйсбука Марыны

Марына Драбышэўская і Яўген Меркіс, Фота з фэйсбука Марыны


Марына распавяла, што да яе маці дамоў 24 сакавіка прыйшоў участковы. Сказаў, што прынёс позву ў суд на панядзелак на імя Марыны. Спачатку позву не аддаваў, бо патрэбны быў подпіс Марыны, падрабязнасцяў таксама не паведамляў: маўляў, "мне прыйшло па факсе, я не ў курсе".
Маці (інвалід другой групы) спужаная, падняўся ціск. Пазней маці прымусілі распісацца, што яна прыняла позву.  
Акрамя таго, на заўтра, 25 сакавіка, у 9:45 Марыну Драбышэўскую выклікаюць у Цэнтральны РАУС г. Гомеля ў якасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс па аыкуле 22.9 КаАП “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Пра гэта ёй па тэлефоне паведаміў лейтэнант міліцыі Шапацько.
Нагадаем, што па аналагічнай схеме выклікаюць у міліцыю і пракуратуру гомельскага журналіста-фрылансера Яўгена Меркіса.
Дапоўнена: У пракуратуры Марыне Драбышэўскай уручылі папярэджанне аб адказнасці за супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат". Журналістка заявіла, што збіраецца абскарджваць гэтае папярэджанне.