«Шэсце 25 сакавіка адбудзецца, ад імя Статкевіча распаўсюджваюць фэйк», — Някляеў
Адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК) Уладзімер Някляеў, знаходзячыся ў Варшаве, назваў фэйкам і правакацыяй паведамленні пра адмену акцыі 25 сакавіка, якія распаўсюджваюцца нібыта ад імя Міколы Статкевіча.
«У сацыяльных сетках і ў Viber распаўсюджваецца фэйкавы зварот ад імя Міколы Статкевіча: нібыта Беларускі нацыянальны кангрэс адмаўляецца ад правядзення акцыі. Гэта не так. Мы не адмаўляемся. І пастараемся насуперак усяму правесці гэтую акцыю годна. І так, як мы казалі, — мірнае шэсце з патрабаваннем рэформаў і пераменаў у нашай краіне. Гэтыя перамены ўжо наспелі. І іх зацягванне пагражае будучыні нашай краіны. Гэтаксама як пагражае будучыні нашай краіны тое, што цяпер чыніць Аляксандр Лукашэнка, у якога, па-мойму, проста нэрвовы зрыў, калі ня нешта больш сур’ёзнае. Рэжым не разумее, што адбывацца ў Беларусі і ў свеце. Ён занепакоены толькі адным — утрыманнем улады. Трэба застацца ва ўладзе любой цаной. Вось такая задача пастаўленая перад чыноўнікамі», — заявіў Някляеў Свабодзе.
Палітык мяркуе да заўтра вярнуцца ў Беларусь і ўзяць удзел у шэсці:
«Мяне больш чым турбуе сітуацыя, я проста баюся за тое, што можа адбыцца ў Беларусі ў выніку правакацыйных дзеянняў спецслужбаў і ўладаў». Таму я не збіраюся сядзець у такі час за мяжой. Вяртаюся ў Беларусі і збіраюся быць на акцыі 25 сакавіка.
Някляеў заклікаў беларусаў ня верыць правакацыям:
«Я заклікаю беларусаў не верыць ніякім правакацыям. Не баяцца гэтых штучных жахаў. Апроч нас ніхто нашу краіну не выратуе, ніхто не будзе за яе змагацца. Нягледзячы ні на што, будзьце мужныя і выбірайце тыя рашэнні, ад якіх будзе залежыць і ваш лёс, і лёс Беларусі».