Наталлю Бордак вызвалілі да наступнага панядзелка
У Нясвіжы 12 траўня распачаўся судовы працэс над актывісткай аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Наталляй Бордак, якую затрымалі 9 траўня за антываенны плакат.
Актывістку каля 10:00 прывезлі ў будынак суду праз чорны ход і хацелі судзіць ў кабінеце суддзі. Але актывісты і знаёмыя Наталлі, якія чакалі пачатку працэсу, пабачылі гэта і запатрабавалі адкрытага разгляду справы.
Паколькі Наталля Бордак мае няпоўнагадовага сына і запатрабавала адваката, суддзя Вольга Крупец дала ёй час да 14:30 19 траўня на пошук абаронцы. Да гэтага часу актывістка была вызваленая з залі суду.
Як распавяла Наталля Бордак, 9 траўня яна з самаробным плакатам "Не пуцінскай вайне з Украінай!" выйшла ў парк Нясвіжа. Ніхто ёй прайсціся з ім не перашкаджаў, але на выхадзе з парку на завулку савецкім да яе пад'ехала міліцэйская машына. З яе выйшлі міліцыянты, якія затрымалі актывістку. Супраціву яна не аказвала. Нягледзячы на наяўнасць няпоўнагадовага сына, жанчыну пратрымалі ў пастарунку ўсе выходныя.
Наталле Бордак прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 23.34 КаАП Беларусі. Прэсавая служба БХД