Наталля Качанава спыніла вырубку дрэваў у Грушаўскім скверы

Па словах мясцовых жыхароў, якія сустракаліся з кіраўніком Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай з нагоды сквера, у суботу днём яна ўсё ж прыехала на Грушаўку і сказала не высякаць дрэвы, пакуль ідзе разбіральніцтва.

Грушаўскі сквер

Грушаўскі сквер

У суботу раніцай мясцовыя жыхары выйшлі ў сквер і акультурвалі тэрыторыю. Пасля таго як усе разышліся, у скверы з'явіліся Наталля Качанава і кіраўнік Мінгарвыканкама Анатоль Сівак. На сустрэчу таксама запрасілі аднаго з мясцовых жыхароў, які быў да гэтага на прыёме ў кіраўніка Савета Рэспублікі.
— Яна хацела наведаць сквер яшчэ ў пятніцу. Але сустрэчу яна не хацела афішаваць, каб у спакойнай абстаноўцы паглядзець на тое, што адбываецца. Таму мне патэлефанавалі, калі яна была ў скверы. Нейкі час агляд месца быў без мяне. Калі я прыйшоў, мне задалі некалькі дадатковых пытанняў, дзе пабудуюць дом і дзе будуць высякаць дрэвы, таму што на прыёме мы паказвалі гэта толькі на паперы, — кажа мясцовы жыхар.
Крыху пазней на сустрэчу прыйшоў дырэктар кампаніі-забудоўшчыка «Датч Стар» Дзяніс Заморац.
— Сказалі, што з ім будуць асобна размаўляць у Мінгарвыканкаме. Далі вусны загад: на час праверкі дакументаў не высякаць дрэвы і не праводзіць будаўнічыя работы на гэтай тэрыторыі.
Інфармацыю аб сустрэчы ў Грушаўскім скверы ў прыёмнай Савета Рэспублікі не пацвердзілі і не абверглі — сказалі, што Наталлю Качанаву яшчэ не бачылі ў будынку. У Мінгарвыканкаме такой інфармацыяй таксама не валодаюць.
Нагадаем, мясцовыя жыхары ў апошнія дні актыўна выступалі за захаванне Грушэўскага сквера, часткі якога яны могуць пазбавіцца з-за будаўніцтва шматпавярховага дома з падземнай паркоўкай «Гранд Хаўс». Людзі выходзілі на акцыі, выклікалі міліцыю на будаўнікоў, якія ставілі плот, звярталіся ў відэазапісы да Лукашэнкі. Пасля гэтага хадзілі на прыём да кіраўніка Савета Рэспублікі, якая паабяцала падняць паперы і разабрацца ў сітуацыі.
Аб прыездзе высокіх чыноўнікаў папярэдзілі і камунальныя службы, якія апошнія два дні наводзілі марафет у мікрараёне — высаджвалі дрэвы ўздоўж праспекта Дзяржынскага і прыбіралі лістоту ў скверы.
tut.by