Навагоднія ранішнікі ў садках і школах Мінска з-за COVID-19 не адмяняюць, але бацькоў на іх з-за эпідэміі не пусцяць

Навагоднія ранішнікі ў дзіцячых садках і школах Мінска пройдуць «пры абмежаванай колькасці запрошаных бацькоў», паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран.

doctor_in_santa_hat.jpg


«Святочныя мерапрыемствы ў школах і дзіцячых садках адбудуцца, але з захаваннем усіх санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў. Іх фармат будзе вызначацца зыходзячы з абстаноўкі. Мы рэкамендуем у дзіцячых садках і ў пачатковай школе пры правядзенні ранішнікаў абмяжоўваць колькасць запрошаных бацькоў», — заявіў Цуран, словы якога прыводзіць агенцтва «Інтэрфакс-Захад» са спасылкай на «Мінск-Навіны».

Чыноўнік запэўніў, што ў Мінгарвыканкаме штодня адсочваюць узровень захворвання навучэнцаў: «напрацягу апошніх двух тыдняў росту не назіраецца», адзначыў Цуран.

Таксама ён падкрэсліў, што пры правядзенні навагодніх мерапрыемстваў асабліва рызыкуюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы. На дадзены момант там дзейнічае забарона на наведванне старонніх асоб, а супрацоўнікі працуюць вахтавым метадам.

«Таму рэкамендуем і прадстаўнікам шэфствуючых прадпрыемстваў, і папячыцелям, якія хочуць павіншаваць дзетак, перадаваць падарункі праз кіраўніцтва. Неабходна абмежаваць уваход у саму ўстанову. Але не выключаем магчымасці правядзення святочных мерапрыемстваў з Дзедам Марозам на вуліцы», — сказаў ён.