Назіральніца IndustriALL: «Я ўвогуле здзіўленая, што такі працэс можа адбывацца»

Суд над лідарамі Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам узяў тайм-аут да 24 жніўня, калі будзе вынесены прысуд па «справе прафсаюзаў». 

Лідар прафсаюза IG Metall (Германія), назіральнік глабальнага саюза IndustriALL Габрыэла Ібром. Фота: ПЦ "Вясна".

Лідар прафсаюза IG Metall (Германія), назіральнік глабальнага саюза IndustriALL Габрыэла Ібром. Фота: ПЦ "Вясна".


За кожным судовым пасяджэннем назіраюць прадстаўнікі глабальнага саюза IndustriALL, сяброўскай арганізацыяй якога з’яўляецца прафсаюз РЭП.

На судзе 17 жніўня прысутнічала лідэр прафсаюза IG Metall (Германія), назіральнік глабальнага саюза IndustriALL Габрыэла Ібром.

Прадстаўніца глабальнага саюза IndustriALL пракаментавала Праваабарончаму цэнтру “Вясна” судовае пасяджэнне, на якім ёй давялося пабываць:

“Я ўвогуле здзіўленая, што такі працэс можа адбывацца. Прафсаюз РЭП — арганізацыя, якая сапраўды працуе, і працуе добра. Нам не зусім зразумелыя прычыны, чаму гэты працэс тут праходзіць. Сёння я пачула ў судзе, што ніякіх важных прычын дзеля таго каб справу давесці да суда няма, і падстаў для гэтага ў судзе я не пабачыла".

Габрыэла Ібром кажа, што ціск на прафсаюзы ў іншых краінах таксама мае месца, але не ў такой жорсткай форме:

“У гісторыі Германіі таксама здараўся ціск на прафсаюзы, ды і ў іншых краінах таксама, але не ў такой жорсткай форме. Я так зразумела, што яны не плацілі падаткі… У нас прафсаюзы таксама не плацяць падаткі, паколькі гэта некамерцыйныя арганізацыі…"

Нагадаем, Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.

Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны. Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Абвінавачванне запрасіла Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу на 5 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на 5 год.

spring96.org