«Не атрымалі ад фонда нічога, акрамя 15 касак». Паміж палком Каліноўскага і Андрэем Стрыжаком канфлікт

Полк Каліноўскага абвінавачвае фонд «Байсол» у тым, што не атрымаў ад іх амаль ніякай дапамогі. Са справаздачы фонду вынікае, што не ўсё так адназначна.

mycollages_4_4sxty__1_.jpg

Полк Каліноўскага выпусціў відэа, дзе кажа, што не супрацоўнічае з «Байсол», а фотаздымкі каліноўцаў той у зборах нібыта выкарыстоўвае без дазволу, распавядае «НН».

«За ўвесь час правядзення такіх збораў полк Каліноўскага не атрымаў ніякай дапамогі ад «Байсол», акрамя 15 касак», — заяўляюць у палку.

Некаторыя беларускія байцы іншых падраздзяленняў, што ваююць ва Украіне, таксама сцвярджаюць, што не атрымалі абяцанай дапамогі.

«Мы не атрымлівалі дапамогі і грошай ад Стрыжака, апроч Ford Ranger», — каментуе ў гэтым жа відэа камандзір інтэрнацыянальнага батальёна «Тытан» Ігар «Янкі» Номан.

Нараканні ёсць у байцоў антыаўтарытарнага атраду і былога адэскага атраду імя Ліцвіна (з апошнім у каліноўцаў раней быў канфлікт, таксама праз валанцёрскую дапамогу).

Стрыжак на гэтыя абвінавачанні адрэагаваў у фэйсбуку.

«Сябры, хіба ўжо ўсе бачылі заяву палка Кастуся Каліноўскага, якая з'явілася на іх афіцыйным канале. І я хачу сказаць, што я запрашаю прадстаўнікоў палка Кастуся Каліноўскага да адкрытай і шчырай размовы. Я да гэтай размовы гатовы. Чакаем на адказ ад прадстаўнікоў палка Каліноўскага», — быў лаканічны сузаснавальнік фонда «Байсол».

Фонд рыхтаваў прамежкавую справаздачу па 100 днях вайны. З яе бачна, што на падтрымку беларускіх байцоў ва Украіне было сабрана 143,8 тысячы еўра, з іх выплачана 62,8 тысячы.

Са справаздачы вынікае, што адэскаму атраду «Ліцвін» перадалі Nissan Navara (за 8375 еўра). На Ford Ranger для батальёна Ігара «Янкі» пайшло 15,5 тысячы еўра. Для гэтага ж батальёна закуплены Mitsubishi Pajero IV за 10,8 тысячы еўра (аўто пакуль у працэсе дастаўкі).

За кошт донарскай і партнёрскай дапамогі для палка Каліноўскага было закуплена 100 турнікетаў, 15 тактычных заплечнікаў, 20 кеўларавых шлемаў. З гэтых сродкаў таксама 2300 еўра матэрыяльнай дапамогі выдаткавалі атраду «Ліцвін».

Апроч гэтага ў справаздачы ёсць іншыя графы выдаткаў — на валанцёраў, медыкаў, полк «Пагоня».