«Не будзем з ёй працаваць». Беларуску ў Польшчы не ўзялі на працу, бо ўкраінкі былі супраць

Беларуска Святлана знайшла працу пакаёўкі ў адным з гатэляў Апольскага ваяводства. Але ўладкавацца туды не змагла: іншыя пакаёўкі былі з Украіны і наадрэз адмовіліся працаваць з беларускай. Польская начальніца нічога не змагла з гэтым зрабіць, распавядае MOST.

Ілюстрацыйны здымак agent.ru

Ілюстрацыйны здымак agent.ru

Святлана пераехала ў Польшчу каля года таму. Яна жыве ў Апольскім ваяводстве і ўвесь гэты час занятая пошукам працы. Працэс ўскладняецца яе узростам і неідэальным веданнем польскай мовы. Але з дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце яна сутыкнулася ўпершыню.

— Я хацела ўладкавацца ў адзін з гатэляў Апольскага ваяводства пакаёўкі, з перспектывай росту. Дзяўчына-полька, якая вяла у мяне сумоўе, праверыла мой узровень польскай, валоданне кампутарам. Я так зразумела, што яе супрацоўніцы не валодаюць у патрэбнай меры кампутарам і польскай, таму для яе гэта было важна. У мяне ж за плячыма вялікі досвед працы ў турызме, у тым ліку з кампутарам. Дый і польскую, як я зразумела, я ведаю лепш, чым яе супрацоўніцы.

«Яны адразу ж разбегліся па нумарах і зачынілі дзьверы ў мяне перад носам»

Рэкруцёрка была гатовая ўзяць Святлану на працу. Дамовіліся, што жанчына прыйдзе ў панядзелак, каб пазнаёміцца са сваімі абавязкамі і калектывам. У напарніцах павінны былі быць украінкі, таму, па запэўненнях начальніцы, ніякіх праблем у зносінах не ўзнікне — яны гавораць і па-польску, і па-руску.

— Я прыйшла, як мы і дамовіліся, у панядзелак да 8 раніцы на працу. І рэкруцёрка кажа, што ўзнікла складаная сітуацыя. Украінскія пакаёўкі паставілі ўмову ў дачыненні да мяне: «Вы ведаеце, адкуль яна? З Беларусі! Таму мы не будзем з ёй. Ніколі! Ці мы, ці яна». А калі мяне ўсё ж такі возьмуць на працу, то яны будуць рабіць мне ўсякія «шкодніцтвы», рабіць так, каб я сама сышла.

Святлана вырашыла пагаварыць з будучымі напарніцамі. Яна вучыцца ў паліцэальнай школе з украінкамі, і ніякіх супярэчнасцяў з імі ніколі не ўзнікала. Жанчына лічыць сябе прыязным чалавекам і ўжо сапраўды не з'яўляецца ворагам для ўкраінцаў.

— Рэкруцёрка запрасіла пакаёвак і папрасіла, каб яны паказалі мне фронт работ, навучылі ўсяму, паколькі я тут пачатковец. Яны памахалі галавой. Потым мы выйшлі з імі ў калідор, і яны адразу ж разбегліся па нумарах і зачынілі дзверы ў мяне перад носам. Я стукалася ў адны дзверы, у другія. Яны ніяк не рэагавалі. Як быццам мяне і няма, не існуе.

Беларусцы нічога не заставалася, як вярнуцца да рэкруцёркі. Тая толькі паціснула плячыма: «На жаль, нічога не магу зрабіць. Яны не хочуць з вамі працаваць, бо вы з Беларусі».

Святлане так і не ўдалося пагутарыць з украінкамі, яна не паспела ім сказаць ніводнага слова, растлумачыць, чаму яна прыехала ў Польшчу, у якой сітуацыі знаходзіцца, чаму ў яе гуманітарная віза.

— Гэта было глыбока крыўдна, што я ні да каго не магла дастукацца. Гэтыя ўкраінкі ніяк не тлумачылі сваю пазіцыю. Проста: «Яна з Беларусі, значыць, не будзем з ёй працаваць». Рэкруцёрка мяне яшчэ спытала, ці змагу я не казаць нікому, што я з Беларусі. Але я ж беларуска. І па менталітэту, і па псіхалогіі. І дзеці мае беларусы, і муж. І гэта так і застанецца.


Глядзіце таксама

«Украінцы мала ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі»

Святлана падкрэслівае, што ў Польшчы ў яе ніколі не было праблем з украінцамі. Нейкага негатыву з іх боку яна не бачыла. Часам украінцы маглі проста прайсці міма, праігнараваць. Але падобная сітуацыя для беларускі першая. Паводле яе, гэта шок.

— Я вучуся ў паліцыяльнай школе, бяру ўрокі фларыстыкі. У нашым класе 22 чалавекі, з іх толькі адна я — беларуска. Яшчэ ёсць жанчына з Казахстана. Астатнія — украінцы. Я хаджу на гэтыя заняткі з лютага, мы ўсе маем зносіны, ніякіх праблем не было. І да цырульніцы я хаджу ўкраінскай, і яна да мяне вельмі лагодна ставіцца.

Наогул, паводле слоў жанчыны, украінцы мала ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі, і пра тое, чаму людзі з'язджаюць з краіны. Святлана распавядае выпадак, калі яе аднакурсніцы па школе вырашылі зрабіць для фэйсбука фота сваіх работ і сумеснае сэлфі.

— Я адмовілася фатаграфавацца. Мяне спыталі, чаму. Я адказала, што з Беларусі, і любыя фатаграфіі мне будуць не на карысць, пакуль у мяне сваякі застаюцца там. Тым больш што ва ўсіх украінак з нашага класа на аватарках украінскія сцягі. Мне тады задалі пытанне: «А што ў вас у Беларусі такога дзеецца?». Гэта значыць, яны наогул не ў тэме. Некаторыя краем вуха нешта чулі, але большасць задае вось такія пытанні. Я ў двух словах патлумачыла, што ў нас жорсткія рэпрэсіі, і за любы каментар, любое фота, за няправільна складзеныя кветкі можна атрымаць пакаранне.

Беларуска разумее, што працаваць у гэтым гатэлі яна не зможа, нават калі сітуацыя вырашыцца. Але сваячка яе мужа, якая раней працавала ў інспекцыі працы, збіраецца пагутарыць з кіраўніцтвам гасцініцы.

Калі размова не дапаможа, то яна звернецца да сваіх былых калег, каб яны правялі інспекцыю гэтага гатэля. Правільна гэта ці не, я не ведаю. Але мне здаецца, беспакаранымі такія рэчы таксама нельга пакідаць.