«Не чакаў такога маразму». Як праходзіць суд па «справе Ціханоўскага»
З 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА суд разглядае справу ў закрытым рэжыме. Вінаватымі ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку цяжкіх — «арганізацыі масавых беспарадкаў», — хочуць прызнаць палітыка Міколу Статкевіча, блогераў Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага і Уладзіміра Цыгановіча, мадэратара сацсетак Дзмітрыя Папова і аператара Арцёма Сакава, распавядае «Свабода».
Ігар Лосік напісаў у адным з лістоў, датаваных 3 жніўня, што не разумее, што ён робіць на судзе і што там увогуле адбываецца.
«Пачытай пра суды-тройкі ў 1937, неяк так прыкладна. Такой
ступені маразму ўсяго працэсу я нават не чакаў. Што закрылі суд у мэтах
бяспекі — гэта праўда. Бяспекі здаровага сэнсу і душэўнага стану», — напісаў
палітвязень.
Яго жонка Дар'я Лосік кожны тыдзень з аўторка па пятніцу
праводзіць час пад гомельскім СІЗА.
«Наконт суду нічога невядома, на здароўе Ігар не скардзіцца. З настроем — перапады, але гэта лагічна для чалавека ў такіх
умовах. Пад СІЗА я пазнаёмілася са многімі людзьмі, якія носяць перадачы
родным. Некаторыя — упершыню, не ведаюць, як і што. Губляюцца. Я ім дапамагаю,
кансультую. Людзі вельмі добрыя. Тут пад СІЗА ўсе стараюцца адно аднаму
дапамагаць», — расказала Дар’я.
Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, хвалюецца, што
апошні ліст, які яна атрымала ад мужа, датаваны 28 ліпеня. Між тым, заўтра, 12
жніўня, палітык адзначыць Дзень нараджэння — 65 гадоў. Жонка не мае пэўнасці,
што адміністрацыя СІЗА перадасць яму віншаванні, якія яна напісала ў лісце.
Заўтра Статкевіча мае наведаць адвакат.
«Лісты не даходзяць — мусіць, зноў у іх нейкая спецаперацыя чарговая. Я не ведаю, ці ходзіць Мікола на суды. Яго з працэсу выдалілі — па
яго патрабаванні, але абяцалі даставіць на спрэчкі бакоў. Ці пачаліся яны —
невядома», — кажа Марына Адамовіч.
Соф’я Яфрэмаўна, маці Сяргея Ціханоўскага, паведаміла, што
яна цяпер чакае ліста ад сына, а раней, «два ці тры тыдні таму», мела з ім
спатканне ў СІЗА.
«Ну як ён? А як можа быць чалавек у такіх умовах? Карацей, цяжка. І мне цяжка, бо я сябе блага адчуваю», — зазначыла маці палітзняволенага.